Читать «Эсэ» онлайн - страница 86

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Мёртвы горад. Сустрэць сваіх пашчасціла ста васемнаццаці жыхарам.

Бадай што лягчэй было будаваць горад на новым месцы, пакінуўшы горы бітай цэглы, жвіру і попелу, парослыя бур'янам і пустазеллем. Але хто б сказаў гэта ўцалелым яго жыхарам, якія паступова сцякаліся на папялішчы? Хіба той, хто ніколі іх не ведаў. Не ведаў іх характару, іхняй упартасці, іхняй працаздольнасці, іх жадання бачыць свой горад зноў жывым, яшчэ лепшым.

Такім, якім мы бачым яго сёння.

270 тысяч чалавек. Трэць усёй прамысловай прадукцыі вобласці. Дываны ягоныя пабывалі на міжнародных кірмашах і выстаўках у Балгарыі, Бразіліі, Венгрыі, Галандыі, Інданезіі, Італіі, Сірыі, Турцыі, Швецыі і ў шматлікіх іншых краінах. Высокадакладныя зубаапрацоўчыя станкі, зробленыя віцяблянамі, купляюць у нас Бразілія, Балгарыя, Мексіка, Іран, Алжыр і іншыя дзяржавы. Трыццаць краін свету купляюць станкі завода заточных станкоў імя ХХІІ з'езда КПСС.

Радыё- і гадзіннікавыя дэталі, электравымяральныя прыборы. Апрацоўка дрэва і харчовая прамысловасць.

Шматлікія інстытуты, тэхнікумы, школы, бібліятэкі, кінатэатры і музеі, дзяржаўны драматычны і два народныя тэатры.

Не толькі горад магутных, усё здольных зрабіць рук, але і горад высокага інтэлекту, ведаў, таленту.

Горад новых прыгожых будынкаў. І горад выключных людзей, якія не толькі ўмелі трымаць у руках зброю пад час рэвалюцый і войнаў, але і ўмелі працаваць і адраджаць з руін свой вечны, старажытны горад на сіняй Дзвіне.

…І вось я блукаю па вуліцах сучаснага горада. Іду пад ягонымі каланадамі, выходжу на зялёныя рачныя адхоны.

Мне крыху шкада яго, старога, шкада ягоных вулачак — ну дакладна, як на карцінах мастакоў старой і цудоўнай Віцебскай школы. Шкада нават рамізнікаў, хаця я разумею, што гэта несусветнае глупства. Шкада — і гэта ўжо не глупства, — што недастатковая ўвага да камянёў, што памятаюць Неўскага.

Але бачу я твары людзей, іхнія ўсмешкі, іхнюю павагу да цябе, людзей, якія раскажуць аб сённяшнім дні горада лепей за мяне, і я разумею, што галоўнае — засталося. Людзі. Пакуль яны ёсць — горад будзе. Гэта словы паўстанцаў 1623, да якіх нічога не прыбавіш: "Нельга зрабіць так, каб у Віцебску не было Віцебска".

Хай нашы далёкія пранашчадкі памятаюць, што мы, не ведаючы, любілі іх, што нашы думкі, уздыхі і словы лунаюць вулкамі і гэтага вялікага, прыўкраснага горада, што і нашы рукі крыху дапамаглі яму зрабіцца такім, што нашы сэрцы ўсё яшчэ грукочуць ва ўнісон з іхнімі сэрцамі і сэрцам горада, што праз нашых прашчураў і наш прах змяшаўся з віцебскай зямлёй, і яе стала крыху болей.

Што яны — гэта крыху і мы, што мы — з імі, што і мы адваявалі для іх гэты вялікі і вечны горад, якому стаяць не тысячы гадоў, а тысячы стагоддзяў.

Гэта нічога, што мы калісь пойдзем, Віцебск. Мы — сыны твае. І ты, колькі б ты ні пражыў, - гэта мы.

Абраная

"Смерць і жона ад бога суджона".

"Суджанай ды каханай і на крывых аглоблях не аб'едзеш".

…Фаталізм? Ды не, фаталізм — рэч малапачцівая. І народ, які прыдумаў гэтыя дзве прыказкі і да якога я маю гонар належаць, аніякі не фаталіст. Проста калі ўжо нешта здарылася, нам цяжка ўявіць, што гэта магло б адбыцца неяк іначай, і мы схільныя ва ўсім вінаваціць лёс: "бач ты, меўся ўтапіцца, а трапіў на шыбеніцу", "і ўсё ж яго да Мар'і вяло, а тут крутанулася жыццё — і ён з Наталяй. Лёс".