Читать «Эсэ» онлайн - страница 85

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

У горадзе, як і паўсюль, чынілася другая рэвалюцыя, не менш важная за першую: рэвалюцыя духу, псіхікі, культуры. Людзі думалі не толькі пра хлеб і сталь, а і пра яе, культуру — часта раней, чым пра хлеб, — і гэта, між іншым, сведчыць на іх карысць.

Чэрвень 1919 — ратуша аддадзена краязнаўчаму і мастацкаму музею. Зараз ён — адзін з лепшых у рэспубліцы.

21 лістапада 1926 года — упершыню ўзнеслася заслона Другога Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра. Не заўсёды другога па якасці пастановак і таленту акцёраў. Часта — першага.

Свае літаратары. І, сапраўды, першая і лепшая мастацкая школа…

Пасля пачаўся час выпрабаванняў, пакут і смерці, час барацьбы не на жыццё, а на смерць.

11 ліпеня 1941 года немцы ўварваліся ў Віцебск. Запанавала тое, што пастрашней за самую лютую і задушлівую ноч: фашысцкі "орднунг". На цэлыя тры гады.

Не яны, вядома, выдумалі каменданцкую гадзіну і расстрэл за яе парушэнне. Але вось расстрэл за тое, што ходзіш каля чыгункі або выйшаў у лес назбіраць грыбоў, прэвентыўны расстрэл, або расстрэл заложнікаў, - гэта ўжо выдумалі яны. Пойма Віцьбы за педінстытутам, Ілаўскі і Духаўскі яры, — паўсюль штабелі або проста завалы трупаў, скупа засыпаных зямлёй. І лагер смерці ў пасёлку Лучоса. І гета ў раёне клуба металістаў.

Падвалы СД па вуліцы Політэхнічнай, залітыя крывёю. Шыбеніцы перад ратушай, і на Смаленскім рынку, і ледзь не паўсюль. Амаль 110 тысяч забітых, закатаваных.

І аднак увесь час у Віцебску жыло, дзейнічала, змагалася падполле. Шмат груп. З ліпеня 1941 — група А. Я. Белахвосцікава; з лета 1941 — група М. Я. Нагібава; з вясны 1942 — групы І. А. Бекішава, В. М. Арлоўскага, М. А. Журынскай, В. С. Кулагінай, А. А. Сакаловай; з верасня 1942 года — група А. С. Вінаградавай. На пачатку лета 1943 года ў Віцебску было больш за 60 падпольных груп. А калі ў красавіку 1943 года быў створаны Віцебскі падпольны гарком партыі на чале з В. Р. Кудзінавым — пачалося стварэнне адзінага нелегальнага цэнтра кіраўніцтва падполлем горада.

Агітацыя, праўдзівае інфармаванне людзей аб тым, якімі шляхамі ідзе барацьба, збор зброі і медыкаментаў, дыверсіі і сабатаж на прамысловых і ваенных аб'ектах, вярбоўка надзейных людзей для лесу і для падполля, тэрарыстычныя акты супраць найбольш заядлых і азвярэлых прадстаўнікоў адміністрацыі захопнікаў і іхніх прыспешнікаў — гэта рабілі падпольшчыкі.

У Віцебску загінула Вера Харужая са сваёй групай. Тут загінуў у бітве, якая часта бывала няроўнай, кожны трэці падпольшчык…

У ноч на 26 ліпеня 1944 года войскі І-га Прыбалтыйскага фронту (генерал арміі І. Х. Баграмян) і 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі) распачалі нечуваны па ўпартасці штурм горада і раніцаю вызвалілі яго.