Читать «Эсэ» онлайн - страница 88

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Радзімай. Вадой і хлебам, без якіх чалавек памірае. Болей таго, паветрам, без якога не пражывеш і пяці хвілін.

Адзіная зададзенасць — Радзіма, Бацькі, Родны Кут. Астатняе — тое, што прыходзіць, той пясок, што наносіць на перакат рака твайго жыцця. Астатняе, у значнай ступені, справа выпадковасці. Сустрэча з жанчынай, без якой чалавек не можа мысліць свайго жыцця, сустрэча з зямлёй, што робіцца табе дарагая, амаль як свая. Другая пасля Маці. Другая пасля Радзімы. І абедзве неабходны. І абедзве прыходзяць праз сустрэчу. Сустрэча магла не адбыцца. А значыць, і любові не было б. І таму дзякуй лёсу, які тую сустрэчу зрабіў.

Вось пра гэтую другую любоў я і раскажу. Без гучных слоў.

Я хачу прывесці некалькі звычайных выпадкаў са звычайнага жыцця, якія, магчыма, скажуць больш пра наша братэрства, чым усе оды на зямлі.

Упершыню тварам у твар сутыкнула мяне з Украінай вайна, зноў жа выпадковасць. Бацька вызваўся ехаць з Чкалава на Беларусь адразу ж, як толькі былі вызваленыя два маленькія лапічкі яе тэрыторыі (гэтыя лапічкі быў дом, свая зямля, няхай сабе пад абстрэлам). У гэты час ехаў з Далёкага Усходу мой дзядзька, прызначаны начальнікам штаба чыгуначных войск Першага Беларускага фронту, і ўзяў мяне і маці з сабой, пасяліў у Кіеве. Цяжка цяпер сабе ўявіць, як імкнуліся людзі ў небяспеку і разбурэнні, абы толькі быць бліжэй да дому, няхай сабе яшчэ і захопленага ворагам.

Украінскія хаты паўсталі ўпершыню перад маімі вачыма не бялюткімі (такіх было мала, там, дзе людзі вярнуліся, і там, дзе ў іх ужо крыху даходзілі да гэтага рукі), а рабымі, нават сям-там чорнымі ад куродыму і агню. І гэтае відовішча чорных украінскіх хат, такое ж ненармальнае і ненатуральнае, як нявеста ў глыбокай жалобе, запомнілася мне назаўсёды і назаўсёды шчыміць. І, паверце мне, пірамідальная таполя, якая аджывае ад агню, выпусціўшы першы зялёны парастак, такі слабенькі, выклікае ў сэрцы пачуццё такога самага жалю і смутку і палёгкі, як першы парастак, які выгнаў для жыцця абсмалены беларускі дуб.

Горад быў ціхі, амаль бязлюдны. Горад прачнуўся ад страшнага сну. Вонкава цэлы, ён толькі пры набліжэнні да Крашчаціка адкрываў воку сваё знявечанае, абвугленае, узарванае, прастрэленае сэрца. Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б'ецца сэрца хоць аднаго іхняга сына і дачкі.

Было цяжка і не дужа сыта, і ўсё ж у гэтых руінах быў вялікі аптымізм і вялікае абяцанне шчасця і для тваёй Беларусі, бо гэта была ўжо свая зямля, і твая Беларусь, пакуль што здратаваная і загнаная пад зямлю, павінны была ўжо вось-вось таксама зрабіцца сваёй. Хоць яшчэ мора крыві і роспачы трэба было перайсці, каб назваць яе сапраўды сваёй.

Ногі мае і тады і пасля насілі мяне па ўсім горадзе і асабліва часта заносілі туды, дзе гісторыкі, археолагі пачыналі расчышчаць, аднаўляць, капаць. Які нюх у мяне быў на гэта. Я ведаў, хто, дзе, калі і што робіць, і прыставаў да гэтых людзей, як смала. Часцей за ўсё з голага энтузіязму. І так вось праз раскопы і расчысткі, праз задуменныя каштаны на Сафійскім падвор'і, праз друз Успенскага сабора, праз кашлатыя арэхі ля Спаса на Берастове і глухую лагчыну Выдубецкага манастыра я паступова адчуваў галоўнае — прыналежнасць да Вялікай Гісторыі Славян. Уваходзіў у галоўную справу майго жыцця: асэнсаванне нас, сённяшніх, асэнсаванне таго, хто мы ёсць сёння і куды мы ідзём, праз асэнсаванне нашага ўчора.