Читать «Эсэ» онлайн - страница 84

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

4 сакавіка бальшавікі правялі сход і стварылі на ім Савет рабочых дэпутатаў і прафесійныя саюзы.

Адначасова (6–7 сакавіка) быў створаны Савет салдацкіх дэпутатаў. Пазней абодва Саветы аб'ядналіся, сталі Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Калі падыдзеш да дома № 2 па вуліцы Пушкіна, то ўбачыш мемарыяльную дошку, устаноўленую ў памяць аб дзейнасці першага Савета, які ўвёў васьмігадзінны рабочы дзень, шмат зрабіў для паляпшэння становішча самых бедных працоўных, стварыў народную міліцыю і г. д.

У тым жа "доме першага Савета", па Пушкінскай, адбылася (з 1 па 3 кастрычніка) І Віцебская губеранская канферэнцыя бальшавікоў. Заслугаю віцебскіх бальшавікоў было тое, што ўсяго праз два дні пасля перамогі ў Петраградзе рэвалюцыя перамагла і ў Віцебску.

Віцебск ляжаў на шляху, які вёў ад стаўкі на Петраград. Стаўка і штаб Заходняга фронту паслалі каля 20 тысяч войска (салдаты і казакі), каб затаптаць у сталіцы агонь рэвалюцыі. За 11 дзён (з 28 кастрычніка па 7 лістапада) віцебскія бальшавікі і чырвонагвардзейцы раззброілі ўсе гэтыя 20 тысяч.

Пачаўся новы этап: грамадзянская вайна, у якой жыхары Віцебска таксама прынялі актыўны ўдзел. На ўсіх франтах. Ад Архангельска да Крыма і ад Варшавы да Уладзівастока.

У чэрвені 1919 года прыбыў у Віцебск з агітацыйным цягніком "Кастрычніцкая рэвалюцыя" М. І. Калінін. Ён выступіў тут на пасяджэнні партыйных, прафсаюзных і заводскіх камітэтаў, на мітынгу воінскіх часцей, перад рабочымі фабрык і заводаў горада, на шматтысячным мітынгу чыгуначнікаў. Радзіма ў небяспецы. Усе — на адпор. Чыгуначны транспарт павінен дзейнічаць бесперабойна. Таму што рабочыя галадаюць, таму што ў арміі цяжка з ежай, таму што гарады і прамысловасць замярзаюць, паміраюць без паліва.

Ужо 14 чэрвеня прыйшлі і сталі пад ружжо першыя шэсцьсот жыхароў Віцебска.

Скончылася перамогаю вайна. Паўсюль яшчэ віраваў бандытызм, успыхвалі сям-там мяцяжы. Але самым страшным ворагам была разруха, амаль поўнасцю знішчаная гаспадарка, мёртвыя заводы, іржавыя рэйкі чыгунак. Віцебск у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Невядома было нават, з чаго пачынаць, з якога канца прыступіцца. Але горад, як і ўся краіна, хацеў хутчэй забыць старое, цягнуўся да ведаў і працы, да новага.

Горад пачаў з асветы. 1 кастрычніка 1918 года адкрыліся дзверы педагагічнага інстытута. Новаму грамадству перш за ўсё быў патрэбны новы, адукаваны чалавек.

Рукамі гараджан, іх працаю горад і яго прамысловасць паступова пачалі ажываць. Зацеплілася, слабое пакуль яшчэ, жыццё на старых, дробных прадпрыемствах (на базе многіх з іх выраслі пазней такія буйныя станкабудаўнічыя заводы, як імя Кірава і "Камінтэрн"). У гады першых пяцігодак былі пабудаваны швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі" (уведзена ў строй 7 лістапада 1930 года) і панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ" (будавала яе моладзь у 1929 — 31 гадах).

Віцебск прыўкрасіўся новымі будынкамі. Людзі тых гадоў памятаюць, як ганарыўся горад дамамі-камунамі на цяперашніх вуліцах Суворава і Горкага, домам спецыялістаў, новай трамвайнай сеткай, новым вадаправодам. І як ганарліва задзіраліся віцебскія насы з кожным новым інстытутам ("як жа, наш!") — ветэрынарным (1924), медыцынскім (1934). А тэхнікумаў і не злічыць: палітэхнічны, фінансава-эканамічны, сельскагаспадарчы, кааператыўны, ветэрынарны, швейнатэкстыльны. І мастацкае, музычнае, педагагічнае вучылішчы. І сорак тры школы, не лічачы фармацэўтычнай, школы медсясцёр, школы лабарантаў, школы фельчарска-акушэрскай.