Читать «Эсэ» онлайн - страница 83

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Сто гараджан былі прысуджаны да пакарання смерцю. Галовы зляцелі толькі ў дваццацёх, бо астатнія паспелі ўцячы. Вось імёны страчаных: Навум Воўк і Сымон Неша, Янка Гужнішчаў, які біў у вечавы звон, Грышка Скарута, Гаўрыла Раманавіч, Іярмак Гайдук, Фурса, Шапавалаў сын, Багдан Кузнец, Грышка Бібка, Гаўрыла Пушкар, Ісак Любчын, Іван Аквін, Раман Даніловіч, Фёдар Казак, гаршчэчнік, Фёдар Цацэка, Якаў Шынкар, Сцяпан Труховіч, Пятро Васілевіч Палачанін. Акрамя таго, яшчэ двух абмазалі цамянкай і зрабілі дзве жывыя статуі. Жывыя, вядома, толькі спачатку.

Герб з крывавым клінком выявіўся прарочым. Горад быў аддадзены страшэннаму пагрому…

Чаго толькі не адбывалася з тых часоў! Казакі Пятра І падпалілі яго з усіх бакоў (той выпадак, калі дзейнічаў не дзяржаўны розум цара, а, па словах Пушкіна, "указы, писанные кнутом"). Агнявой лавінай пракаціўся па ім Напалеон.

І ўсё адно знішчаны, здавалася б, горад уставаў, аздабляўся садамі, гудзеў па рацэ параходамі, на сушы — цягнікамі, выцягваўся ў вышыню, прыгажэў будынкамі. Віцебск умеў не толькі пратэставаць, не толькі — пры патрэбе — паўставаць. Віцебск, перш за ўсё, з самага пачатку, умеў працаваць і ствараць. Менавіта ў гэтым была ягоная неадольная сіла. Менавіта таму ніякім каралям, біскупам, царам і фюрарам ніколі не ўдавалася нічога з ім зрабіць.

Нават тады, калі праца была замаскаваным сродкам рабунку.

Ёсць у беларусаў такі не дужа разумны (а можа, і разумны ў вышэйшым сэнсе) звычай: ставіцца да сябе, да сваёй вёскі, да свайго горада з некаторай іроніяй (гэта пакуль той горад не зачэпіць нехта іншы).

Дзед мой, са слоў свайго бацькі, казаў, што калі праз Віцебск была пракладзена першая чыгунка, то ў першым буфеце на гэтай першай станцыі на ўсіх сталовых прыборах было выгравіравана: "Украдено на станціи Витебскъ".

Ну і няхай сабе не дужа разумна. Але ж затое яшчэ тады, у даўнія часы, горад звязаў сябе сеткаю чыгунак з Рыгай, Арлом, Масквой, Пецярбургам, Кіевам, Брэстам.

І яшчэ тады рукі яго грамадзян умелі плавіць шкло, ліць чыгун, спускаць на ваду параходы і шліфаваць лінзы. Дый ці мала яшчэ чаго?

І, амаль адначасова з гэтым, горад стварыў тое, што маглі сабе дазволіць вельмі нешматлікія гарады: сваю мастацкую школу, якая заняла неаспрэчнае месца не толькі ў гісторыі мастацтва Беларусі. Якія б назвы яна не насіла: "Школа Ю. Пэна", "Народна-мастацкая школа", "Віцебскае мастацкае вучылішча" — школа гэтая была месцам, дзе выкладалі сапраўдныя мастакі і дзе такія ж сапраўдныя мастакі выхоўваліся. І калі гавораць пра ілюстрацыі М. Дабужынскага да "Белых начэй", або пра "Здраўнеўскі цыкл" І. Рэпіна, карціны К. Малевіча або М. Шагала — усім нам трэба памятаць, што гэта не толькі сусветная вядомасць, але гэта яшчэ і Віцебск.

Віцебск 17 кастрычніка 1905 года вывеў на плошчу перад ратушай дваццаць тысяч сваіх грамадзян (загінула ад куль — васемнаццаць). А наступнага дня выйшла на вуліцы ўжо сорак тысяч. І была ўшчэнт разнесена турма і вызвалены палітзняволеныя.

1 сакавіка 1917 года вулкамі і плошчамі Віцебска пракацілася вестка аб звяржэнні самаўладства.