Читать «Эсэ» онлайн - страница 82

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

1568. Адбіліся…

І далей, і далей, і далей. І ўжо страшна і сумна пералічваць.

А як перажываць самому? Як бачыць, што вось военачальнікі глядзяць з муроў у даўжэзныя трубы, а там, куды глядзяць, — пыл і крыкі, і яны ані д'ябла не бачаць, а ты ведаеш, што гарыць твой дом, што гэта дакладна ў тым месцы, дзе ён, і гарыць тваё беднае майно, і карова, на якую ледзь узбіліся, і, магчыма, сын, які пагнаў тваю карову пасвіць, і сваякі, і ўвесь твой маленькі свет, які не ты стварыў і не ты насяліў несправядлівасцю і вайной?!

Але ты мусіш. Мусіш біцца да апошняга, а пасля, калі ацалееш, зноў узводзіць дамы, проста жыць, бо ты — гэта і ёсць горад. Ты, а не тыя, з трубамі. А горад мусіць стаяць.

Што толку ў тым, што яму дадуць першы герб: на блакітным полі — галава Спаса, а пад ёю — акрываўлены клінок? Ты занадта добра ведаеш, што гэты акрываўлены клінок можа ўпасці перш за ўсё на тваю шыю, што гэта штодзённы сімвал твайго жыцця. Але ты ганарышся і ім, і сваёй ратушай, і сваёй самай дакладнай "важняй", і сваім вечавым звонам. Ты не ведаеш, што ў цябе лягчэй лёгкага адабраць гэта, але ты ганарышся сваім Магдэбургскім правам.

Бо ты сын гэтага, для цябе найлепшага ў свеце, горада.

Не ты адзін так думаеш. У 1413 годзе саратнік і ўлюбёны вучань Яна Гуса Геронім Пражскі пабывае ў Віцебску. Пазней на працэсе, пасля якога яго спаляць, адным з галоўных абвінавачванняў супраць яго будзе тое, што ён прылюдна заявіў у Віцебску аб тым, што віцьбічы добрыя хрысціяне і добрыя людзі.

І ты не ведаеш, што на цябе насоўваецца яшчэ больш страшная кара. Можа быць, менавіта за тое, што ты любіш волю і што ты харошы чалавек…

Стылае світанне на 12 лістапада 1623 года. Усё вырашана ўжо напярэдадні. Ужо напярэдадні мяшчане пакідалі ў адну купу ўсе шапкі на знак таго, што будуць стаяць, як адна галава. На дапамогу падышлі палачане, вільняне, аршанцы. Нельга цярпець. Бо зачыняюць школы, бо пячатаюць цэрквы і засталіся толькі два буданы, у якіх людзі слухаюць сваё слова: у Заручаўі і ў лесе за Дзвіной. Але падбіраюцца і да іх. І паўсюль абражаюць цябе за тое, што ты — гэта ты. І нават нябожчыка бацьку дазваляюць вывозіць толькі праз тую браму, якой вывозяць "смрад і смецце ўсякае".

І вось калі арцыбіскуп Іосафат (а ты завеш яго "Ізахват" і "Душахват") Кунцэвіч вяртаецца ад ютрані з царквы Успення маці божай (прачыстай), што на Узгорскім пасадзе пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну, у свае Віцебскія палаты, што там жа, зусім непадалёк ад царквы, — над горадам гучыць набат і робіцца раптам светла: зашугала полымя.

Мноства народу кінулася да палатаў, збіла шматлікіх служак біскупа, змяла іх, кінулася на чалавека, які ўвасабляў у іхніх вачах усё зло. Яго забілі ўдарам баявой сякеры-гізаўры ў галаву, дастрэлілі з пішчалі, пацягнулі за ногі па горадзе, забілі ягонага сабаку і кінулі на ягоны труп, кінулі з адхона ў Дзвіну, а там рыбакі, наклаўшы яму за вопратку каменняў, павезлі труп і ўтапілі яго ля Пескаваціка.

Віцебск адстаяў гонар цэлага народа. І Віцебск паплаціўся за гэта.