Читать «Эсэ» онлайн - страница 73

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

…У Тураве, — калі гаварыць пра водаправод, — дужа брыдкая вада. Нейкая ржавая, з вялікім асадкам. I вось тут, у Хлупіне, я і адвёў душу, п'ючы са студні, нават калі ўжо не хацелася. Нясмела пачыналі цвісці над студняй яблыні, а вада была сцюдзёная, як начное паветра, смачная і празрыстая. I, відаць, моцна напірала яна з глыбінь, ці іншая была нейкая прычына, бо ўзровень вады ў многіх студнях быў на 30, на 40 сантыметраў, нават на метр вышэй, чым побач, у возеры.

Вялікая гэта даброта — вада, нават у такім вадзяным кутку, вялікае шчасце і ўдача — правільна знойдзеная вадзяная жыла.

I тут пачалася дуброва, дуброўка, дубровачка. Праўда, не спрадвечная, а вытворна-другаразовая, але ўсё адно, такі стары, высокабанітэтны лес, што скінь шапку (бо ўсё адно зляціць, як галаву задзярэш) ды маліся… Не ўжываю тут тэрмінаў "сніткавая, дуброва". Не па-беларуску гэта гучыць. А калі верыць Далю, то й не па-руску: "Как немцы-ботаники, работавшие за нас, записывали по наслуху русские названия… так мы их и приняли, исковерканными, во все учебники".

Проста лес. Дзіва лесу. Дубы-волаты. Часам трапляюцца клёны, ясені, грабы, адзінкавыя экземпляры ліпы, гіганцкія вольхі над ляснымі ручаінамі. I цяплей тут, не так адчуваецца стыласць вясны, і ласкавей тут, і паветра тут іншае.

Дарэмна гэта гаварылі, што поле — таксама расліны, што ніва на месцы зведзенага лесу — таксама, маўляў, кісларод. Не. Ніва — гэта страўнік зямлі. А лёгкія зямлі, лёгкія чалавека — толькі лес. I што ў смачным абедзе чалавеку пад час прыпадку астмы, калі ён задыхаецца? Не толькі хлеб перадумова жыцця.

Паветра і хлеб!

Але і тут, асабліва бліжэй да ўзлесся, пасвілі быдла. Але й тут іржавелі ў траве рэйкі вузкакалейкі, нібы залітыя крывёй: гэты лес яшчэ нядаўна пляжылі. Цвіла ля рэек суніца, і жоўты мар'яннік спяшаўся заснаваць сабою нядаўнюю брыду.

Стаялі на дубах калоды-свепеты. Спявала птушка-цвыркун. Увогуле птушак спявала мала, але цвыркун чуўся да самых лясных глыбінь. Дзіва, але ў альшэўніках не было салаўя. Арнітолаг і тут паспяваў хутчэй за ўсіх заўважыць гняздо дразда-рабінніка, дзівосны клён, што цвіў адной вяршыняю (нібы залатою шапкай), хаця даўно павінен быў бы адцвісці. I я, што лічыў сябе лясным чалавекам, разумеў, што ў параўнанні з такімі людзьмі я ў лесе ўсё адно што сляпы.

Ледзь не ў другі толькі раз у сваім жыцці я ўбачыў вялізную і пачварную "вядзьмарчыну мятлу" на самым канцы грабавай галіны. Але тут увогуле была маса прыгожага старога грабу. А пасля на вымачыне, на пятачку падсохлай гразі, прамільгнуў след казулі і след ваўка, які ішоў за ёю. Не бег, а ішоў, таму што быў, відаць, сыты. Таму што вось трапіўся і ягоны памёт. Як валасатая яловая шышка. I валасы тыя былі шчэццю дзіка, якога воўк нядаўна з'еў. Есці са шчэццю — не ведаю, чый страўнік, акрамя ваўчынага, вытрымаў бы гэта.

I так мы ішлі нетрамі, назіралі за гульнёй двух змеяедаў у паветры і гаманілі аб аленях, якія з'явіліся тут невядома адкуль некалькі год назад. Спачатку іх было чатыры, пасля, гады два-тры, шэсць — пасля яны зніклі. Ці пайшлі кудысь, ці нехта знішчыў. З вучоных ніхто не бачыў, а мясцовыя жыхары казалі пра невядомага звера: "Рогі, як у лася" (у ласёў бываюць рогі сукавідныя і лапатавідныя, і ласёў апошняга тыпу ўсё меней і меней). Знайшлі, праўда, скінуты "быком" (самцом аленя) рог, які быў у чатырнаццаць сукоў.