Читать «Эсэ» онлайн - страница 72

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Наша меліярацыя ідзе шумна, у тэмпе, волатавымі крокамі. I не дае яна ні расліне, ні жывёле, ні самой натуры прыцярпецца, прыцерціся, прыстасавацца, мякка і навекі ўвайсці ў суіснаванне адно з адным.

Вунь да вёскі Бечы, або Бячанская Буда, нейкія два з паловаю кіламетры, раней было яе не бачна і не чутно, а цяпер — як на далоні.

Дамбы, дамбы — дарогі, дамбы. I мала што жывое паспявае прыстасавацца да іх. Вунь хіба ластаўкі-берагоўкі парабілі калонію гнёздаў у адкосе адной.

Ехаць з Клакоцкім цікава. Бачыць многа. У мяне таксама някепскі зрок (тфу-тфу!), у маладосці быў нават выключны. А ў гэтага зрок абвостраны веданнем. Я магу толькі сказаць (гэта пад Слепцамі): "Палявы лунь ляціць". А ён скажа, ці далёка ягонае месца. Я магу сказаць: "Кражныя пайшлі", ды, можа, дабаўлю, што самцы. А ён скажа, што ляцяць на ліньку. Я заўважу двух сівагракаў, а ён скажа, па якой такой справе і куды яны кіруюцца.

Пайшла дуброва, чысценькая, як парк. Гэта, што праўда, саджаная дужа даўно дуброва… I пад дубамі пасвіцца чарада кароў. Прыгожа — для кепскага мастака. I мароз па скуры — для лесавода, тым больш у запаведніку. Гэта ўжо (ад рэчышча Сцвігі) так званая буферная зона. Дый тая азначана хіба што на карце алоўкам, а больш, на справе, аніякай буфернай зоны не існуе. Я яшчэ буду казаць аб гэтым, а пакуль проста ўвайдзіце ў становішча ляснога чалавека. Як гэта яму: бачыць у дуброве замест травы і моху каровіны праснакі.

Ох гэта сіроцкая, сцюдзёная вясна! Мерзнуць буслы ў гнёздах. Матляюцца на ветры галіны дрэў і канцы ручнікоў, якімі густа ўхутаны крыжы на вясковых магілках… Перароўскі Млынок — і злева, над халодным возерам, недаверлівыя да першых пробліскаў цеплыні дубы. Хто іх ведае, ці будзе яна, гэтая цеплыня. Кніжкі кніжкамі, прагнозы прагнозамі. Першых мы не чытаем, другіх не слухаем і слухаць не хочам. Мы слухаем сваіх бацькоў. Вунь той, малады яшчэ, два стагоддзі. А як было яму трыццаць шэсць — выпаў у чэрвені снег на чвэрць сажаня, а ў ліпені азёры пакрыліся лёдам, а лістота на ім счарнела… А вунь той — зусім смаркач, нейкія сто год. Дык у ягоным юнацтве здарыўся год — жыта жалі ў кажухах. Сонца сонцам, а пажывём — пабачым. Абяцанкі-цацанкі — э-хе-хе.

У Хлупінскім лесе перасеклі мяжу непасрэдна запаведніка, часта грабняк, і нічога адметнага. Ішла перад Хлупінам праходная высечка лесу, далятаў зводдаль гук бензапілы. Арнітолаг пайшоў лугам на гукі шукаць палясоўшчыка Кадоліча, а мы стаялі каля машыны, і нам не дапамагаў нават тытунь. Адно станоўчае несла з сабою гэтая сцюдзёная вясна: параўнаўча мала было мошкі, гнюсі, гэтай атруты, яду паветра. Бо час, калі яна пануе, называецца тут кароткім і невыносным словам "з'яд". З'яд, калі яна арудуе паўсюль, калі яе можна наесціся разам з ежай, надыхацца ёю разам з паветрам аж да здыхоцця.

Стылая вясна зрабіла сваё: з'яд толькі пачынаўся. Але і такі выносіць, цярпець было цяжкавата. I чаго гэта дабротамі цеплыні перш за ўсё пачынае карыстацца розная навалач?!