Читать «Эсэ» онлайн - страница 74

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

I селі мы ў машыну, і паехалі мы па палясоўшчыка Кадоліча Уладзіміра Георгіевіча, "караля лесу", як гучыць ягоная мясцовая мянушка. I прывезлі яго дахаты, і чакалі, фатаграфуючы прадаўшчыцу і яе хлопчыка, і намазалі хлопчыку галаву сродкам ад мошкі, каб спакойна стаяў, і лепш бы мы не рабілі гэтага, бо выццё ягонае чулі, па-мойму, нават у Тураве. А пасля паплылі з Кадолічам возерам Обедзь, яно ж Хлупінскае, рэчышчам да ўрочышча Галава, у славуты першы квартал.

I яшчэ адзін добры чалавек быў падораны мне жыццём за гэтыя дні. Чалавек, які спакойна і проста разважае, што вось трэба спілаваць ссохлы дуб на поплаве, і ён бы зрабіў гэта, ды дацягнуў да вясны, а там пашкадаваў буслоў. Але як яны адлятуць у вырай, то спілаваць трэба будзе адразу. Таму што буслянка старая, важыць сама меней дзве тоны і трымаецца на слове гонару. I трэба ладзіць на новым дрэве падмост пад новую буслянку для новай вясны. Жывы яшчэ пакуль лес беларускі вось такімі людзьмі.

А пасля было дзіва. Неапісальнае. Мабыць, з апошніх такіх на нашай зямлі, хаця раней Дняпро, і Нёман, і Сож — гэта былі пойменныя дубровы па берагах.

Вада яшчэ не зусім спала. I стаялі над гэтай высокай вадой дубы карказломныя, дубы-вежы, дубы, на якіх замкі можна было б будаваць, дубы-хмары ў палову неба, дубы-калоны, на якіх трымаецца неба над гэтай зямлёй.

Дубы, якія перанеслі вечнасць, дубы, якія кожнай галінкай сваёй былі як адмаўленне сцюдзёнай вясны і сцвярджэнне цеплыні і сонца.

Было мне кепска. Фізічна кепска. I яшчэ кепска ад адчування сваёй мімалётнасці. I што кожны такі мімалётны — можа быці мацнейшы за гэтую вечнасць. А я нічым не магу памагчы вечнасці, акрамя вечнага паўтарэння аднаго і таго ж, вечнага закліку да сумлення братоў. Заклінання, якое часам бывае марным лямантам у пустыні.

Я папрасіў аб пяці хвілінах самоты і атрымаў яе. I доўга шукаў месца, дзе сесці. Бо ўся зямля была спачатку ў незабудках, потым у ландышах (тут, ля берага, яны яшчэ не распусціліся, бо сцюдзёная вясна начамі, відаць, дыхала холадам ад вады, і толькі далей бачны быў суцэльны, адзін ландыш ля аднаго, белы дыван). Ландыш каля ландыша, гэта не перабольшанне. На адным квадратным дэцыметры не менш чым дзесяць — пятнаццаць раслін. I так наколькі вока сягае.

Ну і пусці сюды гандляра. Трыццаць капеек з дэцыметра. Трыццаць рублёў з квадратнага метра. Сабака, павешаны за тое, што не ўкусіў суседа.

…А тут скора зацвітуць ландышы. Не для рублёў, а для вачэй, для неба, для гэтай бярозы, што расце ў дубовым пні, нібы ў кадушцы, для рыбалова (зімародка), які нізкай стралою ляціць над вадой, для вераб'ёў палявых і працавітай галкі, што нясуць птушанятам ежу. Проста для таго, каб не паменела ў сэрцы шчырасці, каб чалавек не ляцеў, як на злом галавы, а часам сеў і падумаў.