Читать «Эсэ» онлайн - страница 71

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

…Раніца ў тысячагадовых гарадах такая самая, як і ў зусім свежаспечаных. Асабліва калі тысячагоддзе не пакінула пасля сябе велічных муроў, вежаў, храмаў і палацаў, калі рэшткі ўсяго гэтага спяць у затравелай зямлі.

Ідуць сабе людзі на работу — і мы сабе едзем нашым малым чырвоным КАВЗам на работу. I не толькі самі едзем працаваць, але і рабочых з інструментам, з рознымі там кельмамі падкідаем да Азяранаў. Круціць баранку вадзіцель Сямён Сяргеевіч, кіруе аўтобусік праз рэчышча Сцвіжынец і рэчку Сцвігу ў гэтую сцюдзёную, рахмана нясмелую вясну.

Як халодна вясной! Як дрыжаць гэтыя слабаапранутыя дрэвы. Як пакорліва, па-рабску спадзяюцца на няблізкае сонца. I якія яны ўпартыя ў чаканні яго.

Слепцы цяпер перайменаваныя ў Знаменку. На гэта мы майстры, бо гэта лягчэй за ўсё. I стаяць на зямлі нашай сотні Вішнёвак, тысячы Пераможных, дзесяткі Арабінавак і Яблыневых. I ніхто не вылупіцца са стандарту, не скочыць вышэй мазгоў, не прыдумае хаця б такіх мясцовых назваў, як Ветвіца, Млынок Сімановіцкі, Хваенск. Ці такой назвы далёкай вёскі, назвы — стварэння розуму геніяльнага, як Байкі Мамчыны (а мо і яе зараз перайменавалі ў нейкую там Кляноўку?!).

Клакоцкі, невялікі, вельмі кашчавы, тварам — ну, дакладна У. I. Даль, толькі што барада клінам (досыць рэдкі выпадак, калі я памяркоўна стаўлюся да барады ў чалавека, што яшчэ не стаў дзедам), расказвае. I ўзрадаваны, што побач чалавек, які ўмее слухаць і спачуваць, і проста — справу гаворыць. Бо проста языком мянціць — гэта ў нас тысячы такіх, мянціць пяром на паперы — сотні. А ведаць, гаварыць слушнае і дзелавое, рабіць, не торкаючы ў вочы паказуху ў выглядзе пустых кніжак — такіх людзей куды меней, чым хацелася б.

I ён гаворыць аб фаўне стэпаў і лесастэпаў так, што, паслухаўшы яго, іншы дзесяць трактатаў напісаў бы. I ты за яго напісаць не здолееш, атрымаецца "Жыццё жывёл" А. Брэма. I яму параіць напісаць такое — язык не падымаецца і сумленне не дазваляе. Бо чалавек справай заняты.

Вунь, улева, мясцовасць такая, Ковек. Вадзілася там асобная папуляцыя гарнастаяў, вельмі буйная. Цяпер, бо работы вакол, разбрыліся, і папуляцыі той там няма. А вунь канава Бычок, самае вусце, і там піць няварта, а глыбей, у нетры, вада чорная і бліскучая, як японскі лак, і такая самая празрыстая. Даўно капаная канава. I, як уся тагачасная "меліярацыя", была яна сціплая, не рэзала па жылах маці-прыроды, ціха і паступова ўпісвалася ў адвечную плынь яе жыцця.