Читать «Эсэ» онлайн - страница 75

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Напрыклад, аб тым, што вось адкрываецца паляўнічы сезон і нахлынуць на той бок Прыпяці паляўнічыя аж з Кіева, аж чорт яго ведае адкуль, і на кожным кіламетры там будзе гучаць столькі стрэлаў, нібы кожны кіламетр гэтай зямлі — Барадзіно.

А тут ландышы. А тут ідуць за хмызамі па недалёкай Прыпяці судны і здаецца, што Прыпяць вышэй за паплавы. Тут будзе цвісці шыпшына, і тут ты не вынішчальнік, не забойца, а роўны сярод роўных.

Калі вярнуліся астатнія, я ўжо крыху акрыяў і падумаў, глянуўшы на іх: "Ды не, не дадуць. Не дадуць такія. Не дазволяць разбою".

I плылі мы назад па канале Рэчышча. I было ў дрэвах возера Кругленькае, метраў гэтак на 12–13 з хвосцікам глыбіні. I неабсяжныя па таўшчыні і недасяжныя ІІа вышыні вербы стаялі ў вадзе, і градамі на Прыпяць адсюль было не прайсці — гэтымі водамі і джунглямі многімі. I на адной вярбе быў дзівосны па форме нарост, і Кадоліч сказаў мне з усмешкай:

— Глядзі, мядзведзь сядзіць. Вада на дрэва загнала.

I тут урэшце была салаўіная краіна. Па дакладным падліку сем салаўёў на нейкія дзвесце метраў,

…Сядзелі мы ў двары ў Кадоліча, пілі бярозавік, вельмі смачны, бо настоены на грушах. Стаяла ў кветніку чаромха-венік: метр з нечым вышыні — і ўся ў белай квецені. На платах, на сцяне хаты была цямнейшая адмеціна: так стаяла ў повень вада. Вышэй яна была хіба што ў 1891 годзе. Ну і што? Людзі ведалі нораў Прыпяці, а Прыпяць ведала стойкасць людзей.

— Вы што ж — на гару перасяліліся?

— Чаму-у? У хаце. Я на ложку, жонка — на печцы. 3 ложка адразу ў высокія боты — і пайшоў.

— Дык вільготна ж.

— Ад сырасці грубку палілі… Шчупачок у хлеў заплыў.

— Што, байка пра сама ў печцы?

— Як-кая байка. Жыццё — байка. Рака… Сама байка… Бачыце на чым сядзім?

Сядзім мы сапраўды на крэслах-тронах, зробленых з цэльнага дубовага стаўбура: таўшчэзны пень са спінкаю. Такія ставяць у паляўнічых гаспадарках для розных там "ахвотнічкаў" — тых, што ахвотна п'юць на іх "ахвотнічую" гарэлку і з якіх смяецца славуты паляўнічы анекдот:

— Гэх, ахвотнічкі, не туды вы панюхалі!

I вось паводка распарадзілася па-свойму. Уначы вада ішла дваром з шумам.

— Ранкам выйшаў — думаў дзве калоды пчаліныя прынесла ў двор… Штурхнуў нагою, яна крутанулася — аж не… Дык вось і сядзім…

Прыпяць ведала, што робіць. Сама прынесла ў двор свой дар, трон для ляснога, для свайго караля.

I мы сфатаграфавалі яго на гэтым троне.

I носяць, і носяць нас ногі… Сёння, у гэты халодны шэры ранак, яны нясуць нас на паром. Быў тут калісьці мост. Спалілі ў вайну. I вось на многія кіламетры паром застаўся адзінай ніццю, што звязвае левы бераг з правым. Едзе тэхніка, едзе розны груз, трактары, легкавушкі, машыны тэхнічнай дапамогі, аўтобусы, грузавікі з трубамі, драўнінай. I людзі, розныя людзі.

Сноўдае туды-сюды за кацерам платформа ў пятнаццаць метраў даўжыні і вязе за кожным разам пяцьдзесят тон жалеза і чалавечых лёсаў.

Прычал — "прыпарамак" з ушчэнт змачаленымі бярвеннямі і два паромы.