Читать «Эсэ» онлайн - страница 70

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

А карабель гэты — амаль 62 тысячы гектараў. У Жыткавіцкім, Лельчыцкім, Петрыкаўскім раёнах. I з поўначы яго абмяжоўвае Прыпяць, а з поўдня мяжуюць з ім Палескі, Мілашэвіцкі, Лельчыцкі лясгасы.

Немінучыя тут самыя сур'ёзныя пытанні, праблемы, барацьба супярэчлівых інтарэсаў, канфлікты.

Я пад час першай бяседы назнарок удаў з сябе гэткую святую цноту, гэткі бязмежны, да дурасці, наіў. А што, маўляў, будзе, калі я захачу зайсці ў запаведнік, сесці там на пні і ў натхнёнай самоце пісаць там вершы? I ці не выставяць мяне за гэта адтуль пад канвоем? I зразумеў, што ён цудоўна разумее мае прыдурванні, толькі не хоча даць мне зразумець гэтага. Так што пад час другой бяседы я ўзняў рукі ўгару. Далёка тут яшчэ да статуса дзяржаўнага парку, калі штраф нават за ўзнятую шышку такі, што дзесятаму забароніш рабіць гэта. Не хапае сілы, не хапае людзей. I што ўжо там той ландыш, які я сарваў бы і нюхаў, крэмзаючы нейкі да нудоты сентыментальны верш? Што ў ландышы, калі далёка не кожны выпадак браканьерства мае ў фінале спайманне і заслужаную кару?!

А між тым — і Салановіч, па-мойму, недзе ў душы адчувае гэта — будучыня гэтых мясцін і самога гарадка, прынамсі, на бліжэйшы час і ў ідэале, менавіта у запаведнасці гэтай зямлі, менавіта ў яе першародстве, менавіта ў тым, што гэта не закультураная з незапамятных часоў, як Белавежа, старонка, што гэта першапачаткова было так, і таму гэта унікальная навукова-доследная пляцоўка, якіх у Еўропе — і не толькі ў Еўропе — ужо амаль няма.

У сім-тым, вядома, паспелі напсаваць і тут, але не да такой ступені, каб, гледзячы на гэтыя дубровы і чорнаалешнікі, на гэтыя зарасці грабаў і вязаў, нельга было ўявіць сабе — асабліва калі ты ўмееш уяўляць, — якой была зямля ў першы дзень стварэння.

Харошая была зямля. Створаная для людзей з чыстым сэрцам і празрыстымі вачыма.

Схема, план, карта. Лепей за ўсё пачынаць знаёмства з нечым, што ўбачыш заўтра, трымаючы іх у руках. Шкада, што гэтая схема, якую мы выцыганілі ў дырэктара, такая малая і агульная. Але й так лепей, чым нічога. Прынамсі, будзеш крыху ведаць, куды панясуць цябе ногі, дзе ляжыць у лесе якая вёска, дзе лясніцтва, дзе ручаіна, возера, балота. I вось тут Судзібор, там Сімановіцкая Рудня, там Хлупін, назвы, пакуль што не напоўненыя для цябе аніякім зместам, нумары кварталаў, за якімі яшчэ не ўстае для цябе непаўторны, кожны на сваё аблічча краявід.

А жыццё між тым ідзе і ў хаце і ў двары. У двары трагедыя. Некалькі куранят праявілі самастойнасць і вылезлі з-пад сеткі. А паколькі самастойнасць бывае небяспечная на вынікі, то злы лёс у вобразе мярзотніцы Чыты не замарудзіў распарадзіцца іхнім жыццём. Прысуд абуранага грамадства быў аднагалосны: каб перапыніць на будучае агіднасць і буянства, прысудзіць кошку да расстраляння. Вадзім ледзь не са слязьмі на вачах прыступіў да выканання прысуду. Але адкуль у такой брыды такі розум прадчування? Чыта чкурнула некуды з двара, як міцкевічаўскі селянін, што сядзеў у каноплях, пакуль у пана не пройдзе прыпадак гневу, не з'яўлялася ўсю ноч, і — сэрца, вядома ж, не камень. Прысуд пайшоў на абскарджанне і быў адменены, бо варта было Тамары спытаць: "Дык, можа б, ты й куранятка хацела б?" — і кошка, падціснуўшы хвост і вушы, ляцела ў зарасці на пяць метраў хутчэй за ўласнае няўканне.