Читать «Эсэ» онлайн - страница 69

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

А дні — што ж? Дні, калі гэта не вандраванні і не праца, — гэта проста мітусня, і беганіна, і марнасць марнасцяў.

Стаіць проста ў яблыні з фіялетавай квеценню буслянка з буслам — і гэта ўцеха воку і ўспамін на ўсё жыццё. I стаіць ля прычала цеплаход з кіношнікамі, якія круцяць тут фільм, равуць у вольныя гадзіны магнітафонамі, радасна гарлаюць пры сустрэчы — і гэта мітусня.

Мабыць, паўтараюся, але як у Калдуэла было ў апавяданні поўным-поўна шведаў, так у Тураве ў гэтыя дні было поўным-поўна кіношнікаў. А паколькі я сам у пэўнай ступені належу да гэтай пароды людзей, то мне часам бывала не па сабе.

Пабудавалі яны ў затоцы хаты, "па паяс у вадзе" (вясенняй повені ім было мала!), пабудавалі царкву на гарадзішчы (мала ім было сапраўдных драўляных палескіх цэркваў над водамі), укапалі вакол яе ў зямлю векавыя таполі. Сапсавалі ўсім гэтым пейзаж, і ім добра.

Былі, вядома, і тут добрыя сустрэчы. З Барысам, з якім мы калісь "загаралі" на начным ледзяным Карадагу. З актрысай Макаравай, з якой па-братэрску расцалаваліся. Маленькае свядоцтва пра яе. Гэта чалавек, які можа, раннім ранкам ідучы на Камароўку і ўбачыўшы, што клумба на плошчы зарасла, паставіць кошык і, карыстаючыся, што людзей яшчэ няма, пачаць тую клумбу праполваць. Бо нельга запускаць хаця й маленькі лапік зямлі.

Вы самі разумееце, што пасля такога мне глыбока абыякавыя ўсе яе ступені і званні. Хаця, вядома, хай будуць і яны. Толькі — на мой розум — не за майстэрства і іншае такое, а за гэтую незнішчальную ласку да гэтай зямлі, з якой усе мы выйшлі і куды ўсе пойдзем.

Так вось мала ведаеш чалавека, нават жывучы побач, і раптам павернецца ён да цябе нейкім зусім іншым, адметным бокам.

Дзе кіно, там і анекдот. Патрэбныя былі майстрам экрана старыя палескія хаўтуры. Гэткія з доўбленай калодай замест труны. Свайго туды не пакладзеш, адразу відаць, што ён палову жыцця прахадзіў у джынсах. Значыць, трэба было забяспечыць мясцовага "нябожчыка" ("параненыя і забітыя павінны прыйсці заўтра ў адзінаццаць!"). Прасцей простага было б забяспечыць труп на самай справе, але ў такіх выпадках міліцыя — і намеркаваны нябожчык, вядома, перш за ўсё, — начыста пазбаўляюцца пачуцця гумару. Значыць — грошы.

Звычайна здымачны дзень з безліччу дубляў — гэта тры рублі. Ляжыш сабе ў калодзе са свечкай у руках і слухаеш меладычныя спевы свяшчэнніка.

Толькі адно не ўлічылі, што ёсць у Тураве Кондараўка, што ўсе ведаюць адзін аднаго, а калі не ведаюць прозвішча, то ведаюць мянушкі кожнага (скажам, "брахачка", "чомбе"), што згадзіся вось так паляжаць са свечкай, то засмяюць, да самай магілы будзеш агульным смяхоццем.

З дваццаці пяці рублёў — аніхто не хацеў — плата за полег дайшла да сямідзесяці пяці. I паехалі мы, так і не даведаўшыся, ці знайшлі ахвочага.

Зайшлі мы ў той дзень і да дырэктара Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка — Ільі Аляксандравіча Салановіча. Пагаварылі аб планах, транспарце, суправаджальніках, аб становішчы ў запаведніку. Чалавек, як на кароткае знаёмства, дык, па-мойму, сімпатычны, досыць разумны і абазнаны ў тых мэтах, якім павінен служыць гэты кавалак прыпяцкай, "туроўскай" зямлі. Шанцавала б яму толькі ў вырашэнні складаных праблем, якія стаяць перад запаведнікам, усіх гэтых супярэчлівых, почасту навальнічных плыняў, якія будуць — ой будуць! — яшчэ кідаць гэты немалы карабель.