Читать «Эсэ» онлайн - страница 68

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Нашэсце Батыя прайшло поўднем, мабыць, не зачапіўшы Турава. Хаця, магчыма, тураўскія гарады трапілі ў спіс "тых; іншых", якія спалілі манголы. Калі гэта так, то паданне аб Туркалодзежы, які татары закідалі немаўлятамі і з якога пасля сем год замест вады біла жаночае малако, атрымоўвае хоць нейкае рэальнае абгрунтаванне, хоць нейкую цвёрдую глебу пад ногі.

У іншым выпадку яно так і застаецца застрашлівай і пагрознай легендай, апакаліпсісам беларускай памяці, што хавае ў сабе шмат падобных рэчаў.

А магчыма, легенды кажуць аб іншых татарскіх набегах, нашэсцях крымчакоў у 1502 і 1521 гадах. Бо хто толькі ні спустошваў гэтую зямлю: Літва, крымчакі, Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі, гетман Януш Радзівіл.

Рвы, валы, палац, дамы знаці, шматлікія цэрквы — нічога з гэтага не засталося. Па беднасці летапісаў і хронік асаблівую важнасць, асаблівае значэнне набывае археалогія. Гісторыя Турава, і Тураўскай зямлі, і суседніх земляў спіць пад зямлёй. Дый там ёй почасту спакою не даюць.

Нівеліруюць, праводзяць земляныя работы, засыпаюць скінутай з пляцоўкі акольнага горада зямлёй равы (1903–1906), пракладаюць праз гарадзішча дарогу на вёску Запясочча, будуюць на дзяцінцы земскую бальніцу з гаспадарчымі пабудовамі (пачатак XX стагоддзя). Пасля вайны буртуюць бульбу на тэрыторыі дзяцінца.

I археолагі, якія часам праводзяць на гарадзішчы раскопы, знаходзячы то муры, то пілястры нейкага будынка, то шыферны княскі (ці біскупскі) саркафаг, ці рэшткі шасцістоўпнага трохапсіднага храма, не могуць паспець за так званай гаспадарчай дзейнасцю чалавека (мала для яе месца па суседству!) або проста за адміністрацыйным свербам неразумных людзей, якія пагарджаюць нашымі законамі, бо нікога яшчэ не каралі за непавагу да роднай гісторыі.

I археалогія, толькі раскрыўшы рот, вымушана часам навекі замаўчаць "дбаннем" гэтых людзей. А за яе, у большасці выпадкаў, не скажа ніхто.

А ёсць жа, мабыць, артыкул закона, які прадугледжвае нейкае пакаранне таму, хто прыбраў адзінага сведку нейкай важлівай справы? I тэрмін, пэўна, нейкі даюць? Пішучы гэта, пазваніў, нягледзячы на тое, што ўжо амаль поўнач, добраму прыяцелю, палкоўніку міліцыі. Той, на жаль, у камандзіроўцы. Але я ўпэўнены, што ёсць такі артыкул. То дазвольце, задаць рытарычнае пытанне: выдаленне сведкі крымінальнай справы і выдаленне сведкі — сучасніка нейкай гістарычнай падзеі — ці не аднаго парадку гэта з'явы? Ці не трэба паставіць паміж гэтымі ўчынкамі знак роўнасці? Хай сабе маральны, пакуль не навучацца, перш чым дзейнічаць, спытацца ў разумнага і ўвогуле браць сабе ў сябры і дарадчыкі разумных людзей…

Мы прывыклі ў гэтыя дні сачыць за захадам, за тым, як сонца спускаецца ў бязмежныя воды. Ці з гарадзішча, ці з чаўноў, што стаяць на прыколе пад ім. Сачыць і думаць, бо не так ужо і многа часу адведзена чалавеку на тое, каб думаць, на гэтыя вячэрнія бяседы з сонцам. I, на жаль, менш ужо часу засталося бяседаваць і думаць, чым адбяседаваў і аддумаў.