Читать «Эсэ» онлайн - страница 67

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

I ва ўсіх (амаль) такіх хатах (ва ўсякім разе ў тых, у якіх мне было дабрэй за ўсё) я бачыў, нягледзячы на сталасць побыту, на ўпарадкаванасць жыцця, — бачыў я ўсё ж налёт нейкай цыганшчыны: гнёзды на падвоканні, стрэльбу ў куце, кнігі ў самай фантастычнай малакучы, рогі, гаспадары якіх пазбавіліся ад іх за непатрэбнасцю або даўно ўжо адхадзілі па лесе сваё.

А ў двары яблыні, якія — урэшце — расцвілі нават тут, недабудаваная пуня і яшчэ пуня, старая, у якой трусы і куры, ды квактуха з пісклянятамі пад сеткай, ды ў асобнай агароджы дзве будкі, у якіх жывуць ганчак Рыжы (мы нядоўга мелі гонар вадзіць з ім знаёмства, бо ён, адаспаўшыся пасля гайні, уцёк з новай гайнёю, шчадралюбае сэрца), ды пёс няпэўнай пароды па мянушцы Цёпа (гэты не ўцёк толькі дзякуючы прыроджанай ляноце ды таму, што караткаватыя ногі пры доўгім кадлубе не дазволілі пераскочыць плот).

А на дваровым ганку трохкаляровая Чыта з двума кацянятамі, пакуль без назвіска, пярэстым і рыжым, ды кот Кузя, такі ненатуральна доўгі і чорны, што яму прыпаялі за гэта мянушку "Шланг".

А ў двары матацыкл, такі пабіты і пашарпаны па лясных дарожках, што жах глядзець, але, як сказаў бы Эрых-Марыя Рэмарк, "з высакародным сэрцам гоначнай машыны". I мянушка яму, як машыне ў "Трох таварышах", Карл.

Вось, здаецца, і ўсе асобы, вартыя ўпамінавення. Далей аб кожным па ходзе справы.

…I вось вечар. I сядае, пакідаючы на вадзе залатую сцежку, сонца. Можна ісці насустрач яму з гарадзішча па вадзе Струмені, Прыпяцкай пратокі (а мноства стагоддзяў назад, відаць, не пратока, а сама Прыпяць плыла пад валамі гарадзішча), пасля паплавамі, пасля плынямі нядальняй Прыпяці і зноў паплавамі і дзюнамі. Гэтыя дрымотныя валы, тысячакротна ўтаптаныя і ўбітыя нагамі ворага, гэтая ледзь не самая плодная на Беларусі, дзірвановая, перагнойна-карбанатная глеба, тысячы разоў узараная ралам аратая.

Тураўская зямля. Не будзем спрачацца аб правамернасці гэтай назвы ў далёкім мінулым і сёння. Быў Тураў магутнай сталіцай, быў гарадком Мазырскага павета, быў раёнам, стаў пасёлкам Жыткавіцкага раёна. Але не трэба вучоным ламаць дзіды. Хай спытаюць у насельнікаў. Была гэта і ёсць, нягледзячы на ўсе зменлівасці лёсу, тураўская зямля. Так, Палессе, але, на думку жыхароў, "палешукі" — гэта недзе там, а тут былі і ёсць "туроўцы". I характар "туроўца" прадпрымальны, самасцвярджальны, занадта ўпэўнены ў сабе, часам не вельмі прыемны для суседа, як то часта бывае ў чалавека сталіцы, нават краіны, мясцовасці, былая слава якіх ("часова", па цвёрдай іхняй думцы) у заняпадзе. Славяне, беларусы, палешукі — яны ўсё ж самі па сабе. Раней, як дрыгавічы, у адасобленасці ад крывічоў і палян, пазней, як жыхары палітычнага цэнтра княства і аднаго з двух яго эканамічных цэнтраў. Многія і многія з іх не здолелі б растлумачыць гэта гістарычна. Проста яны "туроўцы" — і ўсё.

Гэтыя закляклыя валы — гэта дынастычныя і міжусобныя войны і войны народаў. Гэтыя валы — нібы насыпаны на костках, славянскіх і неславянскіх. За выключэннем нейкіх шасцідзесяці год жыцця ў яднанні з Кіевам, Тураўская зямля ў даўнія тыя часы была палітычна і тэрытарыяльна самастойнай аж да часоў Гедыміна. У лепшыя яе гадзіны хадзілі пад началам Турава Клецк і Слуцк, Мазыр і Пінск, Чартарыйск і Рагачоў.