Читать «Эсэ» онлайн - страница 66

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Едуць у такім вось аўтобусе ў горад бабка з малым дзіцем. Дзіця захутанае неймаверна, як капусны качан. Такі сабе бясформенны стажок — невядома, дзе рукі, дзе што. Пасажыры ад няма чаго рабіць лезуць, прыстаюць, "як клічуць?" ды "колькі табе год?". У адказ з-пад хустак толькі невыразнае "бу-бу-бу".

Здзіўленне мацнее. "Ды што такое ўрэшце з дзіцем?" "Куды гэта вы яго?" "Чаму яно нейкае… гэтакае?"

Урэшце бабка тлумачыць. Выяўляецца, гулялі ў касманаўтаў. А касманаўт без шлема — рэч немагчымая. Таму малому надзелі на галаву чыгун. А калі спахапіліся, то выявілася, што зняць яго хатнімі сродкамі немагчыма. I вось бабуля вязе гэтага, магчыма, будучага Клімука, па дапамогу. А захуталі, бо дзіця, у якога замест галавы чыгун, выглядала б па меншай меры дзіўна.

Не ведаю, але, па-мойму, мы яшчэ шчаслівыя, што жывём у складаны, шматфарбны, супярэчлівы час, што лётаюць над гэтай нашай зямлёй спрадвечныя лебедзі і наваз'яўленыя касманаўты. Шкада толькі, што — калі не возьмемся за розум — першых будзе ўсё менш, а другіх усё больш. А трэба, каб было болей і другіх і першых.

I гэта адна з тэм, пра якія, — як мне здаецца, — трэба яшчэ многа гаварыць і гаварыць. Мала таго, працаваць над гэтым і працаваць, змагацца за гэта і змагацца.

Зберагаць годнае і вялікае старое. Ствараць годнае і вялікае новае. Толькі годнае. Толькі вялікае. Бо ахвотнікі псаваць выпрабаванне часам знойдуцца і без нас. А нашы рукі павінны быць чыстымі і ад таго і ад другога.

…Прыпяць. Задоўга-задоўга да яе пачынаецца пойма, старыкі, мокрыя паплавы з золатам лотаці, вербы. Пасля і сама яна, імклівая сястра наша, адкрываецца вачам, з прыбярэжнымі пяскамі, з паромам, які перавозіць нас цераз імпэтныя воды. Паромам, на якім нам яшчэ давядзецца правесці шмат гадзін, бо гэта адна з артэрый Палесся, месца, на якім засяроджваецца частка ягонага жыцця, плынь гэтага жыцця, бег ягоны.

…I ўрэшце Тураў. Узнесеная над вадою пратокі трапецыя гарадзішча (пасля — замчышча), прыстань, не дужа шматлікія мураванкі і россып хат у нясмелай квецені садоў запозненай, сцюдзёнай вясны.

Гэтая дарога з цяжкімі рэчамі. Двухпавярховая школа. За ёй розныя там турнікі і снарады дзеля караскання (па-мойму, асобныя дзеці часцей ламаюць галовы там, чым над кнігамі), а перад ёю клумба, якая ўдае лічбу "1000". Позняя вясна, нічога яшчэ не ўзрасло на клумбе…

А праз вуліцу ад школы драўляны дом на дзве паловы, у адной з якіх жыве "запаветная" сям'я: арнітолаг Прыпяцкага запаведніка Вадзім Пятровіч Клакоцкі, ды жонка ягоная, батанік Тамара Мікалаеўна, ды іхняя дачка Аленка (старэйшыя сыны не ў Тураве, і я не маю гонару вам іх адрэкамендаваць), якая вучыцца, а значыць, пакуль не мае адносін да запаведніка, хіба што ў вольны час больш-менш паспяхова б'е ў ім лынды.

У гэтым доме мы й мелі гонар пасяліцца, кіравацца адсюль па тураўскіх шляхах, літрамі паглынаць нанач каву і балбатаць языкамі да пасінення.

У многіх і многіх такіх дамах мне за жыццё даводзілася быць. Ад Уладзівастока да Брэста. I дай мне лёс пабываць яшчэ ў многіх і многіх, бо я люблю гэтыя хаты і гэты народ.