Читать «Эсэ» онлайн - страница 62

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Але i "адзначаныя" не маюць права на роўнасць. Вышэй за ўсiх асвечаны манарх i асвечаная знаць. Праўда, мае ўжо назву галоўнае ў чалавеку — гуманiзм, падмурак, на якiм вырасце Чалавек Новы. Першыя проблiскi ўтапiчнага сацыялiзму, вера ў прагрэс звязана з дзейнасцю асвечанага манарха i асвечаных вярхоў. А паколькi iхняя ўлада ад бога, то выступленне супраць яе — злачынства, якое прыводзiць толькi да дзiкага самавольства i анархii. Над лiхiм манархам адзiны суддзя — бог. Добры — можа прывесцi да росквiту навук, адмены прыватнай уласнасцi i раўнапраўя (нешта не бачым мы прыкладаў гэтаму ў гicторыi).

Так думаюць нават самыя перадавыя. Да Шэкспiра, якi — хай аднабакова — сказаў аб грамадскай ролi народа, чалавецтву яшчэ араць амаль восемдзесят гадоў.

Навука. Ну хаця б на прыкладзе хiмii (якой яшчэ няма, а ёсць алхiмiя). Усё досыць проста i зразумела (як паўсюль, дзе амаль нiчога не зразумела). Паўсюль строгi парадак (як усюды, дзе няма парадку), усталяваны богам. Iснуе сем металаў (па колькасцi сямi планет, а значыць, болей i не трэба). Бацька ўсiх гэтых металаў — сера, мацi — ртуць.

…Але досыць, iначай мы нiколi не скончым. Iхняя эпоха зусiм не прычына, каб смяяцца. Хутчэй, прычына для спачування. Як кожная эпоха ў вачах нашчадкаў.

Проста вось такi ён быў, тагачасны чалавек. Сам Скарына таксама не быў выключэннем. Ён, напрыклад, упэўнены, што "Бiблiя" — пачатак i канец зямной мудрасцi (а можа, толькi намагаецца пераканаць iншых, што упэўнены ў гэтым). Але, называючы яго сярэдневяковым чалавекам, мы выпускаем з-пад увагi тую рысу, якая робiць яго чалавекам Адраджэння, чалавекам новага часу, нашым братам: прагу да святла, нязгаснае iмкненне да доблесцi i ведаў. I галоўнае: няўменне i нежаданне аддзялiць сябе ад "брацii сваёй", грамадства, у якiм кожны Чалавек павiнен быць такой самай Асобай, як ён, iначай не варта i гарод гарадзiць. I таму, — i гэта галоўнае, — ён iмкнецца не толькi cам iсцi да зор, але як Чалавек Новага, i "брацiю сваю" цягнуць да iх.

"Ты любiш яе. I паколькi Новы Чалавек — гэта Чалавек Дзеяння, ператвараеш слова сваё ва ўчынак".

Першы крок твой i твайго грамадства да святла — Кнiга (хай сабе нават i "Бiблiя"), пiсьменнасць (хай сабе заснаваная на ёй), асвета (хай сабе рэлiгiйная, паколькi вышэй сваёй эпоxi не дужа скокнеш, як i вышэй сваёй галавы).

Кнiга. Пiсьменнасць. Асвета. Астатняе прыйдзе з часам.

I каб гэтая кнiга была параўнаўча танная, была для ўсiх. Значыць — друкарскi станок, а праз яго Кнiга для ўсiх, Пiсьменнасць для ўсiх, Асвета для ўсiх. Бо не можа называцца асвечаным грамадства, дзе асвечаныя адзiнкi закрываюць сваiмi спiнамi святло ад iншых.

Асвечанасць — гэта калi кожнаму ў руку — паходню!

I Францыск Скарына робiць гэта, надрукаваўшы у 1517–1519 гадах дваццаць тры кнiгi "Бiблii", у 1522 годзе — "Малую падарожную кнiжыцу", у 1525 годзе — "Апостала".

I не на чужой мове, а на простай сваёй, беларускай, якую аднолькава разумеюць мужык i магнат, воiн i гандляр. Усе.