Читать «Эсэ» онлайн - страница 63

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

I да кожнай кнiгi — прадмовы i пасляслоўi, першыя ўзоры грамадскай, асветнiцкай, эстэтычнай думкi. Таксама для ўсiх. Пачаткi любамудрыя (фiласофii) для ўсiх, адукацыi для ўсiх, вальнадумства для ўсiх. Пачатак мудрасцi новых часоў, спасцiжэння таямнiц сусвету, магчымасцi праверыць усё рукамi, розумам, душой.

Не прасiць сабе "дзён многих… нi багацця, нi жэ душ ворагаў", але жадаць "сабе мудрасцi". Быць адукаваным i вольным сабратам адукаванага i вольнага грамадства, якое не здушыць анiякая фiзiчная i духоўная тыранiя.

Быць праўдзiвым, добрым, чыстым, чалавекалюбiвым. I вакол сябе — на шляху да Розуму — бачыць такiх самых братоў, а не кодла свядома-цёмнага i вераломнага быдла.

Праз дух разумнасцi — да духу любовi. Праз мудрасць i добрыя звычаi — да грамадства, дзе ўсiм добра, i, галоўнае, справядлiва жыць.

Тое, на чым i зараз стаяць лепшыя людзi i чалавецтва i з чаго iх анiяк i анiкому не збiць.

Нават знiшчыўшы фiзiчна.

Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымi словамi, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка Чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню. Гэты беларус быў з тых, самых першых, што стварылi лепшых з нас такiмi, якiя мы ёсць.

Ва ўзбраеннi ведаў, усемагутнасцi мозгу, адкрытай шчырасцi добрага сэрца. З навукай у адной руцэ i мастацтвам — у другой.

З катаржнай працы такiх, як ён (а для ўсходнiх славян — з яго), пачынаецца ўзлёт гуманiзму, iдэi раўнапраўя (хай сабе спачатку ўтапiчнай), рэнесанс мастацтва, лiтаратуры, навукi.

…Хай сабе мы яшчэ дужа i дужа мала ведаем.

Можа праз пяцьсот гадоў нехта i пасмяецца з нашых ведаў, з узроўню нашай думкi.

Дзякуй богу, што пасмяецца.

Без веры ў тое, што далёкiя нашчадкi нашы будуць як багi — навошта жыць?

Але нiхто не пасмяецца з нашай працы, з узроўню нашага мастацтва. Вось у чым яго неўмiручая сiла! I нiхто не пасмяецца з нашых намаганняў у нашай цяжкай, крывавай, часта трагiчнай сечы за будучыню чалавека. З нашай бiтвы, у якую аднымi з першых уступiлi яны… мы… дзецi нашы. Бiтвы, дзе адным з пачынальнiкаў быў Францыск Скарына.

З яго веку, i з нашага веку.

Нiхто не пасмяецца з таго, што яны i мы — у меру сiлаў сваiх — рассунулi Сусвет, спазналi частку iсцiны. Нiхто не пасмяецца са Скарыны i яго нашчадкаў, з iхняй думкi, што дала Польшчы — Мiцкевiча, Русi — Сiмяона Полацкага i Дастаеўскага, сабе — Багдановiча, Купалу, Коласа i iншых, "iмёны ж iх ты, госпадзi, вясi".

I на пачатку гэтага бясконцага шляху — такая малая i такая бязмежна вялiкая "Кнiга" Францыска Скарыны, чутны i нам праз стагоддзi гук ягонага друкарскага станка… Цiха!.. Ён грукоча!..

I таму Францыск Скарына ў поглядзе тых, самых-самых першых, што зрабiлi лепшых дзяцей чалавецтва такiмi, якiя яны ёсць сёння i якiмi яны будуць давеку, пакуль ёсць пад небам Сусвету Чалавек.

I таму мы павiнны ганарыцца тым, што ён — беларус. Хаця мудрасць не ведае рознiцы нацый, моў, веры.

Таму што, нягледзячы на намаганнi навалачы розных нацый, мудрасць ведае адну веру — веру ў вялiкае прадвызначэнне Чалавека, якога Прырода стварыла для поўнага i канчатковага спазнання самой сябе.