Читать «Эсэ» онлайн - страница 60

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

А пасля паражэння прыйшла эміграцыя. I Агінскі вёў перагаворы з Банапартам. Адвечная трагедыя людзей, якія пакутна любяць затаптаную сваю радзіму і ў якіх выбілі з рук зброю, не далі магчымасці даць адпор гвалтаўніку айчыны. Агінскі, аднак, і тут на галаву вышэй сучаснікаў. Ён вядзе перагаворы з рэвалюцыйным генералам Банапартам, а калі прыйдзе час імператара Напалеона — ён кіне маёнтак і паедзе з адступаючымі.

Нельга быці з моцным, калі ў журбе і крыўдзе твой народ. I калі Напалеон плаціў высакароднай крывёй легіянераў пры Сарагосе, Нёмане, у рускіх снягах, Агінскага з імі не было. Ён спачуваў ім, разумеў іх, але ён ведаў таксама, што гэта памылка, якая не перастае быць памылкай, нават калі яна — трагедыя.

Аляксандр I на пачатку царавання дзейнічаў у духу свайго выхавацеля, русаіста Лагарпа і не заўсёды адмаўляўся ад магчымасці пакакетнічаць з ідэяй лібералізму. Ён даў выгнаннікам амністыю, не схільны быў, як-то завялі пазней, тлумачыць усё на свеце, у тым ліку нават пугачоўшчыну, "польскай інтрыгай" і прызначыў Агінскага сенатарам. У гэтыя гады Міхал Кляофас і атрымаў у падарунак ад Францішака Агінскага Залессе. I вось тады ў Залессі і быў створаны паланез ля-мінор. Гэта была "сустрэча з радзімай", але традыцыя назвала паланез "развітаннем". I, бадай што, гэта было правільна і больш адпавядала тону і настрою музыкі, вялікай яе журбе. Бо і ў радасці сустрэчы быў сум за лёс сваёй зямлі.

У тыя гады Залессе і стала "паўночнымі Афінамі", месцам, дзе панаваў культ музыкі, літаратуры і жывапісу. Большая частка музычнай спадчыны кампазітара была напісана тут.

I, аднак, — да чалавека не прыходзіла радасць. Нічога не збылося з таго, аб чым марыў. Нічога, акрамя музыкі. Напалеон не нёс вызвалення. Ён нёс пакуты і кроў. Нельга было ісці за ім. Але нельга было ісці і за царом. Нельга было жыць на радзіме, лёсам якой заставалася рабства.

У геніяў ёсць дзівосная якасць. У некаторых сваіх творах яны "прадказваюць" свой лёс, як быццам гледзячы праз завесу часоў. Містыкай тут і не пахне. Проста яны ведаюць свой час і сябе. Ленскі — прароцтва Пушкіна аб сваім канцы. Адна з аповесцей Чэхава амаль дакладна малюе яго апошнія гады.

Не мінула гэтая горкая чаша, гэты страшны дар прароцтва, і Агінскага. Паланез ля-мінор сапраўды стаў развітаннем. Пасля эпапеі 1812 года аўтар ягоны едзе за мяжу, і на гэты раз назаўсёды. Калі нічым не можаш дапамагчы — лепей не быць сведкам народных пакут.

Фларэнцыя, "пяшчотны касач", стала ягоным апошнім прытулкам, сады Кашын замянілі яму залескія сады, плыткая Арно — глыбокую пясчаную Віллю. Тут ён і памёр. Чалавек, на жаль, памірае… Нават калі ён ствараў неўміручую музыку…

Мы сядзелі ля каменя, пакладзенага ў гонар Касцюшкі сярод залескага парку. Восень звінела лістотай. I ва ўсім была ледзь чутная музыка…