Читать «Эсэ» онлайн - страница 64

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

У гэтым, мабыць, адзiны сэнс чалавечага жыцця.

I Францыск Скарына зрабiў адзiн з першых крокаў на нашым шляху да гэтага.

Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён

"Ныня солнце красуяся к высоти вьсходить и радуяся землю огр ваеть…Ныня… зима пр стала есть и лед… растаяся… Днесь весна красуеться, оживляющи земное естьство; бурніи в три, тихо пов вающе, плоды гобьзують и земля с мена питаюше зелёную траву ражаеть… Ныня новорожаемін агньци и унци быстро путь перуще, и скачють, скоро к матеремь вьзвращающеся веселяться. Ныне древа л торасли испущають і цв ти благоуханія процвітають, і се уже огради сладькую подавають воню… Ныня реки… наводняються… Ныня… трудолюбівая бчела… на цв ты излетающи, медвеныя сты стваряеть… Ныня вся доброгласныя птица… гн здящеся веселяться… и свою каяжьдо поющи п снь, славіть Бога гласы немолчьными".

Кірыла Тураўскі. "Слова на новую нядзелю па Вялікадні". XII ст.

"Ныня сонца, красуючыся, да вышыні ўзыходзіць і, радуючыся, зямлю сагравае… Сягоння… зіма перастала быці і лёд… растаў… У гэты дзень вясна красуецца, ажыўляючы жывую зямную існасць; буяныя вятры (сёння), ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, жывячы насенне, зялёную траву нараджае… У гэты час нованароджаныя агнцы і агнянкі (баранчыкі і авечкі), хутка ў пуцінку беручыся, скачуць, і скора, да матак вяртаючыся, весяляцца… Цяпер дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі духмянасці працвітаюць, і вось ужо сады салодкі падаваюць водар… У гэтую пару рэкі… навадняюцца… У гэты час… працавітая пчала… на кветкі злятаючы, мядзвяныя соты стварае… Ныня ўся добрагалосная птушка… гняздуючыся весяліцца… і сваю кожная спяваючы песню, славіць Бога галасамі несціханымі (нямоўчнымі)".

Гэта голас з васьмі стагоддзяў. Недзе ў далёкім, цьмяным дванаццатым стагоддзі прагучаў ён для нас. 3 вуснаў сына багатых тураўскіх мяшчан, сына горада, які ні па велічы, ні па дзяржаўнасці, ні па асвечанасці не саступаў Полацку, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву… Багаты гандаль (знойдзена мноства манет), драўляныя і каменныя храмы (знойдзены рэшткі фундаментаў), асвечаны двор грэчаскай царэўны (яна была замужам за тураўскім князем)… Першабытная прырода, воды і лясы, роздум пад неабсяжным небам. Юнак, які ідзе ў манахі, жыццялюб (успомніце ягоныя радкі), які ідзе ў аскеты аж да таго, што замуроўваецца ў вежы. Паэт, які абіраецца ў біскупы і ўсю сілу свайго красамоўства аддае "казанням" (павучэнням) і "словам".

I стаў гэты паэт "Златавустам, які больш за ўсіх заззяў нам", і пачаў ён вялікае наша Пісьменства, і ўславіў родны свой горад, які да дня яго нараджэння быў ужо сто пяцьдзесят год, як упершыню адзначаны ў летапісе (980 г.), а значыць, існаваў ужо і задоўга да таго.

…Мы адзначым ягонае тысячагоддзе толькі ў гэтым годзе. Будзем сціплыя. Не будзем весці гарадской радаслоўнай з першай чалавечай стаянкі на гэтым месцы. Не будзем казаць, што горад Гейдэльберг вядзецца аж з шэльскага часу (800–300 тыс. гадоў назад) толькі таму, што ля яго была знойдзена сківіца гейдэльбергскага чалавека. Хопіць з Гейдэльберга і аднаго са старэйшых у Еўропе універсітэтаў і славы Г. Гегеля і Р. Бунзена, і славы аднаго з ачагоў гуманізму.