Читать «Эсэ» онлайн - страница 61

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Магчыма, калі ён ад'язджаў з радзімы, горкае прароцтва ягонага паланеза гучала ў ягоных вушах, як гучыць яно зараз у нашых. Магчыма, ён ведаў, што ніколі больш не ўбачыць залескіх дубоў і радзімы. Але ведаў ён і другое.

Калі я слухаю паланез ля-мінор і калі ягоная журботная музыка ў плыні сваёй даходзіць да таго месца, дзе вызвалена і грозна пачынаюць гучаць урачыстыя фанфары — я разумею, што ён гэта ведаў.

Мір тым, хто загіне за народ і волю, слава тым, хто пераможа. Залескія дубы дадуць ім галіны для вянкоў, і самыя прыгожыя залескія дзяўчаты ўскладуць іх на галовы герояў.

Музыка абяцае гэта.

Подзвіг Францыска Скарыны

Подзвiг Францыска Скарыны дагэтуль не ацэнены. Не ацэнены таму, што мы почасту глядзiм на яго эпоху вачамi сённяшняга дня, забываючыся часам зiрнуць на яе вачамi сучаснiка Скарыны. Зiрнуць на яе знутры, нiбы сам жывеш у тыя часы, i многае, што для нас цяпер рэч натуральная, усмактанае ледзь не з малаком мацi, само сабой зразумелае — для цябе яшчэ цёмны лес.

Ты сучаснiк Скарыны. Прычым адукаваны сучаснiк. Якiм паўстае перад табою свет?

Космас. Сусвет. Ён канечны i абмежаваны непарушнай зорнай сферай з усiх бакоў. За ёю цi рай, жыллё i месца знаходжання бога, цi ўвогуле хаос. А пасярэдзiне сферы — Зямля. Вакол яе Сонца i планеты. Планет сем, толькi тыя, што можна бачыць няўзброеным вокам, бо i тэлескопа яшчэ няма. Калi ў цябе зрок лепшы, чым у астатнiх, i ты, скажам, бачыш, што Мiлавiца мае квадры, як Месяц, — памоўчвай, бо на зямлi смярдзiць паленым, i вогнiшча на плошчы ледзь не самае iнтэлектуальнае вiдовiшча ўладарных, i ўвогуле народных мас.

Толькi адзiнкi, дый то абстрактна, спекуляцыйна ведаюць, што Зямля — шар (паводле Пталамея, бо кнiга Капернiка з'явiлася амаль праз тры дзесяцiгоддзi пасля першай кнiгi Скарынавай "Бiблii"). I яшчэ добрых пару стагоддзяў эйнштэйны i каралёвы тых часоў будуць прасiць прабачэння у тых, што маюць уладу, за тое, што яны адэпты вучэння Капернiка. Будуць гаварыць прыблiзна ў тым родзе, што вучэнне Капернiка не новае, што яно старое, яшчэ да Пталамея, што так думалi яшчэ некаторыя пiфагарэйцы (i гэта ў сiм-тым праўда):

— Не бiце мяне за гэта. Я не наватар. Гэта вы… ой, прабачце! Я, наадварот, закарузлы кансерватар.

Гэта для адзiнак. Для большасцi Зямля — плоскасць, якую абмывае сусветны акiян. У акiяне жывуць кiтарыбы i марскiя манахi. Па сушы швэндаюцца, акрамя людзей i звяроў, кiраўрысы (кентаўры). Ёсць на гэтай плоскасцi Еўропа, Азiя, маленечкая Афрыка. За Атлантыкай ляжыць Iндыя, i толькi адзiнкi здагадваюцца, што гэта — Новы свет. Іншых земляў няма, бо іх ніхто не бачыў. I няма нiкога, хто спытаўся б такога рацыяналiста (божа, колькi iх i зараз!):

— Дзядзька, а вы Вiльню бачылi?

— Не.

— А яна ж ёсць…

Чалавек. Ён — вобраз i падабенства боскае (i нiкому не страшна за бога, калi ён выпадкова, не на ноч кажучы, успомнiць зямных уладароў). I не кожны носiць гэты "вобраз божы". Пераважна еўрапейцы i хрысцiяне (адпаведна — магаметане, будысты, юдаiсты). Астатнiя, не кажучы ўжо пра людзей з сабачымi галовамi i iншым такiм, астатнiя — расы бездухоўныя, бо не адзначаныя святлом iсцiны боскай.