Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 18

Максім Гарэцкі

А Лявон, узгадаваны на ціхіх дробнаўласных сялянскіх ідэалах, тым часам так салодзенька задумаўся! Ён летуцеў: вось каб адкупіць у пані балота «Мох», што побач з цёмналескім полем, правесці там канаўкі, залажыць дрэнаж, асушыць, паскарадзіць, пасеяць розную траву... Вось ён будуе сабе чысценькую хатку - і будзе жыць там з Лёксаю. Увечары, калі заходзіць сонейка, яны будуць адпачываць ад працы, вячэраць пад зялёнаю бярозаю на цёплым вольненькім паветры.

- Пофторіте, Задума, как, следофательно, получается эфта кіслая фосфорно-кіслая соль?

Збялеў Лявон як тая беленькая крэйдачка ў вечна дрыжачай п'яніцкай руцэ фон Заёнца, узняўся, стаў, стаіць...

- Не слушаете? - сказаў фон Заёнц. - Коемфуждо по делом ефо... - дадаў ён славянскі тэкст у ісціна расейскіх вуснах абнямечанага паляка, што азначала: «кожнаму па яго заслугах», і цвёрда, толькі трошку дрыгнуўшы рукою, вывеў нешчасліваму Задуме страшную, асабліва для скарбова-коштных вучняў, двойку.

Пасля лекцыі вечна вясёлыя сябры, каб супакоіць засмучанага Задуму, абступілі і развесялілі яго так:

- «Не слушаете?» А, закахаўся, галубок! (Казалі наздагад, а лучалі ў самае сэрца, гады.) Замаркоціўся коця-варкоця! Так-так! Ну, якая ж яна? Чарнявенькая? (Тут троху мыляліся, бо Лёкса ж русявая.) Як зоркі, вочкі, крумяны шчочкі? Ай ды наш Лявон! А дзе ж яна вучыцца? Мусіць, папоўначка, епархіялка? Ай шляхцяначка? Ай жыдовачка?

Так жартавалі вечныя дуронікі, а Лявон сумна разважаў... Не аб двойцы, не! усё гэта палепшыцца! Ён разважаў аб тым, што бедная Лёксачка засталася без навукі і нават невядома, ці здолее прачытаць яна і яго ліст, калі ёй напісаць, як сумненька яму тут без яе... Вось аб чым былі развагі. «Ат, няма нічога! - змірыўся ён нарэшце, - друкаванае ж у кніжцы яна добра разбірае... толькі што піша не вельмі...ць! Э, ці ў пісьменнасці ўсё шчасце? Каб было можна, пэўна ж і Лёксачка не засталася б без навукі... О, гэтая беднасць, гэтая несправядлівая сацыяльная няроўнасць! Будзьце вы прокляты ўсе, хто ў чарнасотніцкім «Саюзе рускаво народа». Хай жыве сацыялізм! Слава ўсім змаганнікам за лепшую будучыню чалавецтва!»

Так разважаў Лявон, пайшоўшы вялаю хадою на абед, так разважаў ён і абедаўшы, разважаў з нямалым біццём сэрца. Ён так узварушыўся, што ледзьве стрымаў слёзы, калі еў з супам піражок і думаў, што ні бацькі яго, ні Лёкса, ні ўсе цёмналесцы, апрача яго, як і цэлыя тысячы і мільёны бедных людзей, не маюць магчымасць на тыя піражкі... Такія рэфлексіі былі ў яго заўсёды, калі прыязджаў у горад з вёскі.