Читать «У чым яго крыўда?» онлайн

Максім Гарэцкі

I

- А дзе тое мора?

- Краскамі зацвіло...

З дзяцінай песні

Гэта дзеялася тады, калі яму, Лявону, Рыгораваму сыну, на прозвішча Задума, ішоў дваццаты год і ён быў ужо ў апошнім класе сельскагаспадарчай школы. І гэтым разам, як кожны год, прыехаў ён на Каляды дамоў і бавіў свой гулявы час у роднай вёсцы Цёмналессе.

Цёмналессе - невялічкае, усяго там хат з дваццатак, і дужа, можна сказаць, глухое. Гісторыя чалавечага развіцця пасадзіла яго сярод вялікіх лясоў і прысунула да яго першы знак цывілізацыі - царкву, у канцы васемнаццатага веку, вёрст за дзесяць (як кажуць, але, мусіць, з добрым гакам). Другі знак цывілізацыі - валасную канцылярыю, у палове дзевятнаццатага веку, адчыніла яна ў мястэчку вёрст за пятнаццаць. Там жа, дзе канцылярыя, у мястэчку Целяпенічах, ёсць цяпер і пошта, але калі яна тут цвёрда абсталявалася, сказаць цяжка і нават немагчыма, бо адчынялася і зачынялася, пераводзілася ў іншыя месцы і ізноў варачалася назад - шмат разоў. Нарэшце, самы ўжо відавочны знак цывілізацыі - чыгунка - пралягла ад Цёмналесся пакуль што, на пачатку нашага веку, за добрую сотню вёрст.

Выпадала б яшчэ адзначыць і манапольку, бо адна красавалася сваёй сіняй шыльдай побач з царквою, а другая такая ж самая побач з валасною канцылярыяй - ці, лепей кажучы, не зусім побач, а на дазволенай законамі адлегласці. Але гарэлкі можна дастаць, і колькі хоця, і ў самым Цёмналессі, толькі з-пад палы, і пералічэнне знакаў цывілізацыі робіцца тут, галоўным чынам, з мэтаю паказання, як далёка жыў Лявон Задума ад культурных асяродкаў і наогул ад розных такіх пунктаў, дзе мог бы ён пабачыцца з большым лікам і з большай разнастайнасцю людзей. Гарэлкі ж ён, супроць паведак свайго роду, зусім не любіць, і, прынамсі, не пойдзе ён купляць яе ў тых манапольках.

Праўда, і ў справах веры быў Лявон Задума дзіцяцем свайго часу, - часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, - павагу, уваччу нават малых дзяцей. Але з тае пары, як пазачыняліся нашы старасвецкія карчомкі, найлепей у царкве можна цёмналесцу ўбачыцца з людзьмі, хоць ад большага да большага свята. Тут усе - свае родныя людзі, і зусім мала паноў у чорным, - дзеля таго няма ніякай гэткай прыкрасці. Тут высокія, быццам у паноў, сцены і стаўпы, залатыя, толькі па назову «царскія», дзверы, вялікія на сценах абразы, - адным словам, не так, як у сваёй, цесненькай і чорнай хаце, а разам з тым усё тут як бы сваё - супольнае, чамусьці як бы пераважна мужыцкае, хоць паня і давала лесу на рамонт. Тут няма спрыкленай штодзённай неахайнасці, заместа смораду - прыемна пахне ладанам, воскам і фарбаю, а царкоўная адправа гаворыць цёмналесцу, як і другому такому ж парафіяніну, што ён звязаны аднакаваю дзейнасцю з усім шырокім светам. Толькі клопату, што ў адправах гэтых невядома, што і на што, - было б куды ўцячы ад будняў, было б куды пайсці на людзі. А ўлетку ж тут можна і сесці на цвінтары пад ліпкамі пакурыць, пазюзюкаць, пачуць навіны і пажаліцца, калі ё - няхай яго не будзе! - гора... Узімку ж можна ўбіцца ў калавурку, што пры царкве, і разам з усімі людцамі пускаць з піпкі дым.