Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 16

Максім Гарэцкі

Расці, хмелю, глыбока,

Расці, хмелю, глыбока,

Караніста, высока,

Караніста, высока!

А Лёкса дужа шчыпала «хмеля»...

Пасля ж, калі хадзілі карагодам і пяялі: «Падушачкі, падушачкі ды ўсё пухавыя: каму хачу, каму хачу - таму падарую, каго люблю, каго люблю - таго пацалую», - усе чуць не гвалтам - прызмушчалі чырвоную, з бліскучымі вачыма, Лёксу пацалаваць Лявона, але ён, на жаль, хацеў гэтага так нясмела, так нясмела, што і яна рабілася нясмелаю - і не важылася пацалаваць яго.

VI

Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

Змагацца з нядоляй, з няволяй...

Янка Купала

О, вы шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцярэгчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя.

На жаль, Лявон жыў у малакультурную эпоху, калі, не хочучы, многія людзі мелі веру ў шчаслівы і нешчаслівы дзень.

І вось прыйшоў падобны дзень, хаця Лявон спачатку думаў, што ён будзе яму шчаслівы, і ў яго працягу ён не лічыў належна бяду бядою...

Аднак не варта забягаць наперад, бо што такое шчасце і што такое няшчасце пазнаецца заўсёды ў канцы ўсякае справы.

...Ах, ну ці ж гэта не нуда сядзець на лекцыях першы дзень пасля каляднага канікулярнага гуляння, толькі ўчора прыехаўшы з свайго родненькага Цёмналесся і ўлюбіўшыся там у дарагую, слаўненькую Лёксу?

Лекцыі - такія ж доўгія, цягнуцца яны, цягнуцца... званка чакаеш не дачакаешся.

На першай лекцыі - лекцыі жывёлагадоўлі - выкладчык Пашкін, кароценькі, але вагою на пяць пудоў, і з вялікаю, буйнаю галавою, ён жа старшыня і кіраўнік тутэйшага гуртка эсперынтыстаў, родам вельмі окаючы расеец-кастрамец, сорак пяць з зацяжкаю хвілін пералічаў усе адзнакі, па якіх найлепей пазнаваць малочную «ко-ро-ву». І ў беднай галаве, - нягледзячы на Лёксачкін абраз, які засеў там на ўсе вякі і на ўсе часы, - усё ж ткі мусілі застацца з лекцыі тыя галоўныя адзнакі: «вялікае малошнае люстэрка», «глыбокія малошныя равочкі на баку» (дзе якраз праходзіць нейкая жыла) і «гэткія ж равочкі на хрыбціне» (Бог святы спомніць, паміж каторых там пазвонкаў). І яшчэ застаўся, як з кожнае пашкінскае лекцыі, кастрамецкі спосаб вымаўлення - о, о, о: корова, солома, молоко...

Другая лекцыя расейская літаратура. Выкладчык Дуб-Дубовіч, па прозвішчы-то, мусіць, беларус папоўскага або шляхецкага карэння, а з пераконанняў заядлы вялікарасейскі патрыёт і афіцыяльны сябар тутэйшай арганізацыі «канстытуцыённа-дэмакратаў», сорак пяць хвілін - праўда, без зацяжкі - расхваліваў як мог дзяржавінскую оду «Бог». І ў беднай галаве, - нягледзячы на Лёксачкіны песні, якія заселі там пасля гуляння на Вадохрышчы, мусіць, на ўсе вякі і на ўсе часы, - усё ж ткі засталося: «Ода «Бог», напісаная геніяльнаю рукою расейскага паэта слаўнае кацярынінскае эпохі, Гаўрылы Раманавіча Дзяржавіна, перакладзена на ўсе культурныя мовы Эўропы і нават на мову прабуджаных да культурнага жыцця сыноў Усходзячага Сонца - мову японскую!»