Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 19

Максім Гарэцкі

Па абедзе, калі ў працягу дзвюх з паловаю гадзін у пансіёне павінна быць ціха, сонна, нудна, закаханаму чалавеку найлепшы ратунак - хадзіць аднаму па шашы ў полі і, наставіўшы каўнер ад ёдкага ветру, слухаць, і як гудзяць далёкім светам тэлеграфныя стаўпы, і строіць бясконцыя развагі па сваёй натуры. Паціху сунецца звычайны, а ўжо паслякалядны зімовы вечар, і сцюдзёная меланхалічная паэзія сціскае сэрца.

Лявон так і зрабіў. Ён хадзіў там сёння, аж пакуль добра не пазяб, што-ткі прысілён быў ісці назад у пансіён.

Яшчэ раз к астатняму стаўпу прыпаў ён левым, укушаным Лёксачкаю, вухам і з асабліва войстрым і глыбокім сумным пачуццём зліўся мыслячай душою з гэтым аграмадным лікам розных дзіўных, маркотных, абняўшых увесь свет, гукаў-шумаў у гудзеўшым ад ветру тэлеграфным стаўпе.

- Гу-гу-гу! - пяяла там сусветная гісторыя ў сугалоссе з яго ўласнымі думкамі.

- Бом-бом-бом! - жалілася, як вецер і дождж, і плакала, як бяздольны чалавек ці хворае дзіця, бедная бацькаўшчына Беларусь, просячы аб сваім вызваленні, аб адраджэнні свае культуры.

- Шу-шу-шу... - шапталася там людское гора, людское шчасце...

І, адным словам, гаманілі там усе змыслы вечнасці, журба раскіданых прастораў і трудныя шляхі на іх ідэйнага чалавека.

- Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! - сказаў сам сабе Лявон Задума і пайшоў у пансіён.

Усе вучні пасля Каляд ужо з'ехаліся, і ўвесь будынак пансіённы ад чацвертай гадзіны да шостай - па абедзенным адпачынку да падрыхтоўкі лекцыі - гудзеў і грымеў.

Можа быць, горды і самотны дэман, пралятаючы над пансіёнам гэтаю парою ў горняй чорнай вышыні, чуе тут толькі такі самы шум, які бывае ў пчаліным вуллі, калі па ім стукнуць, увечары колькі разоў, а тады прыкласці вуха і слухаць. Шум бывае досыць музыкальны, але ціхі, мізэрны. (Між іншым, добры зямец сам гэтага не зробіць і другога не пахваліць.)

Але на мове невысокіх ад зямлі стварэнняў будзе лепш сказаць, што пансіён у гэтую пару шуміць, часам, як бабы ў цёмналескай лазні, часам, як багамольны «стары закон» у юдэйскай сінагозе, а часам, як сябры беларускай грамадскай установы на агульным сходзе або нават паседжанні.

У гэтую пару пансіянерам дазволена пяяць, іграць, скакаць і наогул «шумець».

І пансіён шуміць, заняўшыся хто чым... А ёсць тут хлопцы розных нацый і народнасцей і розных сацыяльных укладаў жыцця ў вялікай расейскай імперыі; яны прыехалі здабываць навуку ў Беларусі дзеля таго, што беларусы, па сваёй класічнай беднасці і гэткай жа цямноце, не займаюць тут на школьных лавах асабліва (дый не асабліва) шырокага месца...

Вось акуратны як у навуках, так і ў выпіўцы, так і ў музыкальных справах, белабрысы латыш Бэрзінь ужо добрую гадзіну выводзіць у пустым класе на скарбовай скрыпцы і па скарбовых нотах гамы. Ён пільнуе, каб локаць левае рукі быў чуць-чуць-чуць відаць правым вокам; каб шыйка скрыпкі была ў пальцах левае рукі, а не ляжала б на яе далоні; каб правая рука згібалася б толькі ў кісці, а не ў локці... І бедная скрыпка раве, як зарэзаная.