Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 15

Максім Гарэцкі

- Не будуць! Пойдзем! - учапілася дзяўчына.

- Ой не, не, не, Лёксачка! Толькі не цяпер.

- Ну а калі?

- Пасля, пасля калі-небудзь, пасля!

- Калі ж пасля? А-а! - раздумалася Лёкса. - Можа, дзеля таго не хочаш, што са мною? Паскач з Рыпінаю!

Рыпіна была троху ў свеце і лічылася прыгожаю.

- Не, ні з кім не буду, толькі з табою, - пачаў ужо на смешкі біць і ён. - А ты са мною хочаш паскакаць?

- Дый як яшчэ! Сама не ведаю, як хочацца!

Так жартавалі яны, але скакаць усё ж ткі не пайшлі. Троху потым, калі Лявон спыніў гаворку і паглядзеў, хітрун, у бок ад Лёксы, бо музыка маўчала і ўсім усё было відней, - падышоў да Лёксы Банадысёў батрак, схапіў яе за рукі і пацягнуў на польку, бо музыка якраз сарвалася як з ланцуга, - самым вясёлым хадуном.

Ужо тая цёмналеская батракова простасць была не вельмі даспадобы Лявонавай культурнасці і далікатнасці з дзяўчатамі, але што ж? Лёкса ж была невінавата, што Атрахім схапіў яе за рукі і пацягнуў.

Затое справа наладзілася добра апасля, калі кавалёў сын змарыўся і сталі гуляць у лёпушкі. Папраўдзе, гульня дзяціная, але гуляюць у раздураны час і большыя.

Можа, хто з людзей высокае цывілізацыі не ведае тых нашых «лёпушак» ці паспеў ужо забыцца, што гэта за штука, дык уявіць сабе іх дужа лёгка. Адзін, а найчасцей адна - званая «бабаю» - сядзіць на лаўцы, а ўсе гуляюць. Кладзецца тварам у калені «бабе» адзін хто з гуляннікаў або гулянніц і кладзе адзаду на сябе руку дагары далоняю. Другі нехта з іх б'е яго па руцэ, «лёпае». Хто ляжаў, павінен угадаць таго, хто біў, каб ён лёг замест яго. Калі ж не ўгадае, кладзецца сам ізноў.

Ніхто б ніколі не даў веры, што і Лявон будзе з усімі разам гуляць у лёпушкі. А неяк гэтак сталася, што стаў гуляць. Спачатку шлёпаў яго найчасцей Лаўрынька, бо чужыя саромеліся. А з дзяўчат найсмялей першая шлёпнула Лёкса... Шлёпала яна шчыра, з смакам, і, нарэшце, ён мусіў класці руку троху ніжэй, каб не балелі пасля храсткі. Не дзіва, што яе руку ён мог пазнаць адразу, і мусіла часта класціся і яна. Шлёпаць Лёксу было шмат ахвотнікаў, і як перасталі саромецца Лявона - шлёпалі яе па дзве і па тры асобы наперабой і толькі: лёп-лёп-лёп! Лявон лічыў, што гэта нарушае правілы гульні, але дараваў і часам шлёпаў наперабой і сам, толькі што не гэтак дужа, як другія, бо шкадаваў яе храсткоў - храсткоў яшчэ худых, бо маладых, дзявочых.

Пасля лёпушак гулялі ў далікатнейшую гульню, у споведзь, што наўчыўся нехта ад настаўніц ці то з гораду яе прывёз хто. І ізноў жа неяк выйшла, што Лявон быў зроблены папом, а Лёкса была ў яго спаведніцай.

- Ну чым жа ты, сястрыца, грэшная? - з наўмыснаю жартліваю паважнасцю, але з трошку тыхаючым сэрцам спытаўся ён, апынуўшыся з дзяўчынаю вочы ў вочы пад адной вялізнай хусткаю на галаве, замест папоўскае эпітрахілі.

- А во чым!! - куснула яго раптам Лёксачка за вуха і з вясёлым смехам скочыла з-пад хусткі.

І хоць Лявон быў збіты гэтым з панталыку ў сваёй саромлівай надзеі пацалаваць яе пад хусткаю, але і гэта балазе!

Гулялі ў Задумавых тым вечарам і доўга і ўва ўсе ўсякія гульні. Між іншым, «сеялі хмеля»: хадзілі гужам, узяўшыся адзін за аднаго, па хаце, «хмелем» быў Лявон, і ён стукаў чапялою па зямлі, як павадыр кійком, і ўсе пяялі: