Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 14

Максім Гарэцкі

- Ну, добра, добра! Будзь сяння панам, - дазволіў яму патураючы Лаўрынька.

Потым зайшоў у іхну хату кавалёў сын з Салаўёвых Машкоў, зайшоў ён мімаходам, трошку выпіўшы, але пагаманіць аб справе. Стары Задума наказваў яго бацьку, цераз людзей, што будзе насталіваць сякеру і мяняць каню падкову, - дык ці яшчэ думаюць, ці раздумаліся, а калі не, дык калі - у пятніцу ці ў суботу?

Зайшоў кавалёў сын з гармонікам. За ім ці, праўду кажучы, за тым гармонікам убіліся ў парог два хлопчыкі, бо думалі, што, можа, кавалёнак тут зайграе. Якраз за імі прыйшлі зараз і дзве бабы і яшчэ дзядзіна пасядзець з маткаю і селі на палу. За бабамі з'явіліся дзвёх маладух, два большых хлопцы і адна дзеўка - толькі паглядзець, бо думалі (з вуліцы ім так здалося), што сёння тут гуляюць. Пакуль жа яны разглядаліся ў сваёй абмылцы ды жартавалі з кавалёвым сынам, просячы яго пайграць ім сёння там, дзе збяруцца гуляць, - прырынулі к Задумавым, ну як бы па чыйму заказу, усім кагалам, хлопцы і дзеўкі, а потым і старыя і дзяцвішча... Набухталася поўненькая хата.

Зазвычай адбывалася гульня ў Мікітавых або яшчэ ў каго, ды толькі ж не ў Задумаў. А тут вось гэтак.

Спачатку бацька быў скрывіўся, бо яму здалося, мусіць, што і Лявон, як і заўсёды, не вотта ласкава глядзіць на няпрошаных гуляннікаў. Аж не: Лявон загаманіў - як бы не той быў чалавек.

А потым, ну, а потым... Лявон наш гэтак разгуляўся, што ўся яго філасофія развеялася дымам, прынамсі ж, на гэты вечар, а там будзе відаць далей.

Кавалёў сын, не доўга думаўшы, зайграў.

- Паскачце, маладыя! Чаго вы стаіцё? - сказала ім Задуміха.

І скокі пачаліся.

Пакуль тое ды сёе, Лявон ад столу перайшоў да свайго ложка, у правым куце ад дзвярэй, ля самага парогу, пасядзеў там, адылі перасеў на суднік, што пры печы.

Дзеўкі і хлопцы, забыўшыся за той вясёлаю гульнёю на асаблівую да яго ўважнасць, заступілі яго сваім грудам, - і нейкім дзівам побач з ім сядзела курносенькая, але бойкая, нішто сабе дзяўчына - Лёкса Леваноўна. Лявон з ёю, некалісь быўшы малым, вадзіў на пасту коней. Яна вадзіла, бо ў бацькі не было сыноў, дык канюшкамі ў яго былі дочкі.

- Чаму ты гэта, Лёкса, сядзіш, не скачаш? - надумаўся, асмеліўся Лявон пачаць з ёю гаворку.

Непрызвычаенае сэрца, у пэўнай меры адгароджанае ад даўнай простасці цывілізацыяй, чамусьці ў ім, разоў колькі, як дурное, тыхнула! Але нічога: зараз абляглося.

- Во каб з Рыгоравічам, дык бы пайшла! - адказала хітрая Лёкса.

Хаця тое «з Рыгоравічам», заместа казаць ты, было яму пачуць нялюба, а выявіць ёй фальш, што не гаворыць з ім, як з кожным цёмналесцам, было ніякава, - аднак жа яе бойкасць яму заўсёды падабалася.

- Не ўмею скакаць, - адмовіўся Лявон.

- Невялікая ж навука! Э! - шчупянулася яна. - Можа, Рыгоравіч, умееце і не гэтакія скокі, толькі сароміцеся гоцаць з намі - мужыкамі - па-мужыцку...

- Ну, Лёкса! Як табе не сорам так казаць? Што я? - не той самы мужык? І, дадушы, кадрылі я скакаць не ўмею.

- Дык пойдзем: я наўчу! - схапіла яго жартам за рукаў.

- Ой не, не, не! - адбіваўся хлопец. - Усе будуць смяяцца з маіх скокаў, усім ногі адтапчу...