Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 87
Эрих Мария Ремарк
— Добры заробак сёння? — ціха спытаў я.
Ён узняў вочы.
— Нармальна, — сказаў ён неахвотна. Ён палічыў мяне проста за цікаўнага.
На нейкі момант у мяне з'явілася жаданне сесці побач з ім і паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая і гнуткая, прыгожая, у кароткім срабрыстым жакеце з шырокімі рукавамі, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.
— Хутчэй хадзем, Робі, зараз пачнецца!
Каля ўвахода тоўпіліся людзі. Сёння была вялікая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамі, адна за адной пад'язджалі машыны, з іх выходзілі жанчыны ў вячэрніх сукенках, бліскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымі сытымі тварамі, яны былі вясёлыя, смяяліся бестурботна і самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела і застагнала старое таксі, якое вёў адсюль змораны шафёр.
— Дык хадзем жа, Робі! — паклікала Пат, гледзячы на мяне ззяючымі і ўсхваляванымі вачыма. — Ты нешта забыў?
Я кінуў варожы позірк на людзей вакол мяне.
— Не, — сказаў я. — Я нічога не забыў.
Потым я падышоў да касы і замяніў білеты. Я купіў білеты ў ложу, хоць яны каштавалі неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлівых людзей, якіх нічым не здзівіш. Я не хацеў, каб яна належала да іх. Я хацеў, каб яна была толькі са мной.
Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы і цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнігі — усе гэтыя мяшчанскія звычкі я амаль страціў. Не той быў час. Палітыка была добрым тэатрам, страляніна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялізная кніга бяды вучыла лепш за ўсе бібліятэкі.
Ярусы і партэр былі запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькі мы селі. Адны водсветы ад рампы прабягалі па зале. На поўную сілу загучала музыка, прыпадняла ўсё і панесла за сабой.
Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў ні сцэны, ні цьмяных патыліц гледачоў. Я чуў толькі музыку і бачыў толькі твар Пат.
Музыка да «Казак Гофмана» зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамі, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла і афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шуміць цёмная плынь жыцця, не было больш ні зямнога прыцягнення, ні межаў — заставаліся толькі бляск, і мелодыя, і каханне, і нельга было ўявіць сабе, што за сценамі пануюць бяда, і пакуты, і адчай, адначасова з гэтай музыкай.
Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнічасць. Яна ўся паглыбілася ў музыку, і я любіў яе за тое, што яна не прыхілілася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калі блыталі розныя рэчы, я ненавідзеў людзей, якія, як каровы, збіваліся ў гурт у той час, калі над табой уладарылі прыгажосць і сіла вялікага твора, я ненавідзеў расплывістыя позіркі закаханых пар, гэтае тупое цісканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое ніколі не выходзіла за межы самога сябе, я ненавідзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханні, бо я лічыў, што дваім патрэбна як мага больш быць асобамі і як мага больш аддаляцца адзін ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькі той, хто ўвесь час аказваўся ў адзіноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё іншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магічныя сферы адзіноты, як не пачуццёвыя выбухі, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхіі, бура, ноч, музыка… І каханне…