Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 85

Эрих Мария Ремарк

— У цябе жанчына…

— Паслухай, Ліза… мы ж так рэдка сустракаліся… цяпер жа не бачыліся амаль што год. Ты ж можаш уявіць…

— Не, не, я не пра гэта. У цябе ёсць жанчына, якую ты кахаеш! Ты змяніўся. Я адчуваю.

— Ах, Ліза…

— Праўда, праўда… Скажы!

— Я і сам не ведаю. Магчыма…

Яна хвілінку пастаяла. Потым яна кіўнула галавой.

— Так… так… вядома… Я ж такая дурная… у нас жа з табой нічога не было… — Яна правяла рукой па лбе. — Не ведаю, як я магла падумаць…

Яна стаяла перада мной, худзенькая, бедная, бездапаможная… Парчовыя туфелькі, кімано, доўгія адзінокія вечары, успаміны…

— Да пабачэння, Ліза.

— Ты пойдзеш? Ты не пабудзеш яшчэ? Ты ўжо… ідзеш?

Я ведаў, што яна мела на ўвазе. Але я не мог. Нават дзіўна, але я не мог. Я гэта адчуваў сэрцам. Раней такога не здаралася. Я не пераацэньваў вернасці. Але сёння ўсё змянілася. Я раптам адчуў, як далёка адышоў ад усяго, што было.

Яна стаяла каля дзвярэй.

— Ты ідзеш? — Яна пабегла назад. — Вось, я ведаю, ты паклаў мне грошы… пад газету… не трэба мне яны… Вось… вось… так, ідзі…

— Мне трэба, Ліза…

— Ты не прыйдзеш больш…

— Прыйду, Ліза…

— Не, не, ты не прыйдзеш… я ведаю. І не прыходзь! Ідзі ж, ідзі…

Яна заплакала.

Я спусціўся па лесвіцы не азірнуўшыся. Я яшчэ доўга хадзіў па вуліцах. Ноч была незвычайная. Мне зусім не хацелася спаць. Я прайшоў міма «Інтэрнацыяналя», думаючы пра Лізу і пра былыя гады, пра многае, што ўжо даўно забылася. Усё гэта было так далёка, што, здавалася, адбывалася не са мной. Потым я прайшоў па вуліцы, дзе жыла Пат. Вецер узмацніўся, усе вокны ў яе доме былі цёмныя, ранак на шэрых нагах краўся каля дзвярэй… Нарэшце я пайшоў дадому. Божа мой, падумаў я, здаецца, я шчаслівы.

XІІІ

— Даму, якую вы ўвесь час хаваеце, — сказала фраў Залеўскі, — можна ўжо не хаваць. Няхай спакойна адкрыта прыходзіць да вас. Яна мне падабаецца…

— Вы ж яе не бачылі яшчэ, — здзівіўся я.

— Супакойцеся, я бачыла яе, — заявіла фраў Залеўскі выразна. — Я яе бачыла, і яна мне падабаецца, нават вельмі… але яна вам не пара…

— Праўда?

— Не пара. Мне нават дзіўна, як вы маглі яе знайсці ў сваіх піўнушках. Але, вядома, такія басцякі…

— Мы адхіліліся ад тэмы… — перабіў я яе.

— Гэта жанчына, — сказала яна, стоячы рукі ў бокі, — прызначана для мужчыны з добрым надзейным становішчам. Адным словам, для багатага чалавека.

«Вось табе і на! — падумаў я. — Гэтага табе яшчэ не хапала!»

— Так можна сказаць пра любую жанчыну, — заявіў я раздражнёна.

Яна затрэсла сваімі пасмамі.

— Пачакайце! Будучыня пакажа, што я мела рацыю.

— А, будучыня! — Я са злосцю кінуў запінкі на стол. — Хто сёння думае пра будучыню! Ці варта сёння ламаць галаву пра яе!

Фраў Залеўскі заклапочана паківала велічнай галавой.

— Дзіўныя вы людзі, моладзь увогуле. Мінулае вы ненавідзіце, сённяшнім днём вы пагарджаеце, а будучыня — што будзе, тое будзе. Дабром гэта не можа скончыцца!

— А што вы маеце на ўвазе, гаворачы «не можа скончыцца»? — спытаў я. — Дабром можа скончыцца толькі тое, што ўвесь час было дрэнна. Тады ўжо лепш, каб дрэнна скончылася.