Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 89
Эрих Мария Ремарк
— Ах, я так даўно не танцавала.
Броер падхапіўся.
— Патанцуем?
Палаючымі вачыма яна зірнула на мяне.
— Я тым часам зраблю заказ, — сказаў я.
— Добра.
Танга зацягнулася. Пат, танцуючы, час ад часу пазірала на мяне і ўсміхалася. Я ў адказ ківаў галавой, але адчуваў сябе не вельмі ўтульна. Яна выглядала цудоўна і выдатна танцавала. На жаль, і Броер танцаваў добра, і яны ўдала пасавалі адно аднаму. Здавалася, яны танцуюць так ужо не ўпершыню. Я заказаў сабе двайную порцыю рому. Яны вярнуліся. Броер вітаўся са знаёмымі, і я на хвілінку застаўся з Пат сам-насам.
— Ці даўно ты знаёмая з гэтым хлопчыкам? — спытаў я.
— Ужо даўно. А што?
— Так проста. Ты часта бывала з ім тут?
Яна глянула на мяне.
— Я ўжо не памятаю, Робі.
— Ну, гэта запамінаецца, — сказаў я ўпарта, хоць ужо і ведаў, што яна хацела сказаць.
Яна заматала галавой і засмяялася. У гэты момант я любіў яе без памяці. Яна хацела паказаць: што было, тое сплыло. Мяне ж штосьці тачыла, ад чаго мне самому было смешна, але пазбавіцца ад гэтага я не мог. Я паставіў чарку на стол.
— Ты можаш спакойна прызнацца. Што тут такога?
Яна зноў зірнула на мяне.
— Ці ты думаеш, калі б што ў нас было, мы паехалі б разам сюды? — спытала яна.
— Не, — сказаў я, прысаромлены.
Аркестр зноў пачаў іграць. Падышоў Броер.
— Блюз, — сказаў ён мне. — Цудоўна. Можа, вы патанцуеце?
— Не! — адказаў я.
— Шкада.
— А ты паспрабуй, Робі, — сказала Пат.
— Лепей не варта.
— Але чаму? — спытаў Броер.
— Я проста не аматар, — адказаў я не вельмі ветліва. — Ды і ненавучаны. Часу не было. А вы спакойна танцуйце, я знайду сабе забаву тут.
Пат завагалася.
— Што ты, Пат… — сказаў я. — Ты ж так любіш.
— Люблю… але ты сапраўды не засумуеш?
— Ані! — Я паказаў на чарку. — Таксама своеасаблівы танец.
Яны пайшлі. Я даў знак кельнеру і дапіў чарку. Потым я сядзеў у адзіноце за сталом і лічыў салёныя міндаліны. Цень фраў Залеўскі не адступаў ад мяне.
Броер запрасіў да стала некалькі чалавек — дзвюх сімпатычных жанчын і маладзейшага мужчыну з маленькай лысай галавой. А потым падышоў яшчэ чацвёрты. Усе яны былі легкаважныя, як корак, далікатныя і ўпэўненыя ў сабе. Пат ведала ўсіх чацвярых.
Я адчуваў сябе пнём. Да гэтага разу мы бывалі з Пат толькі ўдваіх. Цяпер я ўпершыню сустрэўся з людзьмі, з якімі яна была знаёмая раней. Я не ведаў, пра што з імі. гаварыць. Яны рухаліся лёгка і нязмушана, яны з'явіліся з таго жыцця, дзе ўсё ішло гладка, дзе мы не бачылі таго, чаго не хацелі бачыць, — яны з'явіліся з іншага свету. Калі б я быў адзін альбо з Ленцам ці Кёстэрам, мяне гэта зусім не трывожыла б, мне было б усё роўна. Але ж тут была Пат, Пат ведала іх, і таму ўсё атрымлівалася наперакасяк, гэта гняло мяне і вымушала параўноўваць сябе з імі.
Броер прапанаваў пайсці ў іншы рэстаран.
— Робі, — сказала Пат, калі мы выходзілі, — ці не лепш нам пайсці дадому?
— Не, — сказаў я. — Навошта?