Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 225

Эрих Мария Ремарк

— У цябе павінен застацца іншы ўспамін пра мяне, — прашаптала яна. — Едзь, каханы. Я ўжо сама спраўлюся.

Я пачаў супакойваць яе. Яна зноў запатрабавала люстэрка і сумачку. Потым пачала пудрыцца, бледны схуднелы твар, патрэсканыя вусны, цяжкія цёмныя ўпадзіны пад вачыма.

— Толькі крыху, каханы, — сказала яна, спрабуючы ўсміхнуцца. — Ты не павінен бачыць мяне непрыгожай.

— Можаш рабіць, што хочаш, — сказаў я. — Ты ніколі не будзеш непрыгожай. Для мяне ты самая прыгожая жанчына з усіх, каго я бачыў.

Я забраў люстэрка і пудраніцу і асцярожна паклаў ёй свае далоні пад галаву. Неўзабаве яна неспакойна заварушылася.

— Што з табой, Пат? — спытаў я.

— Вельмі гучна цікае, — прашаптала яна.

— Што? Гадзіннік?

— Так грыміць…

Я зняў з рукі гадзіннік.

Яна са страхам сачыла за секунднай стрэлкай.

— Выкінь яго…

Я кінуў гадзіннік у сцяну.

— Вось цяпер ён больш не цікае. Цяпер час спыніўся. Мы разарвалі яго напалам. Цяпер мы толькі ўдваіх, толькі мы, ты і я, і нічога больш.

Яна зірнула на мяне. Яе вочы былі вельмі вялікія.

— Каханы… — прашаптала яна.

Я не мог вытрываць яе погляду. Ён ішоў аднекуль здалёку, пранізваў мяне і дзесьці знікаў.

— Мой дарагі сябра, — мармытаў я, — мой каханы, мужны стары сябра…

…Яна памерла ў апошнюю гадзіну ночы, перад самай раніцай. Яна памірала цяжка і пакутліва, і ніхто не мог ёй дапамагчы. Яна моцна трымала маю руку, але ўжо не ўсведамляла, што я каля яе. Нехта ў нейкі час сказаў:

— Яна памерла…

— Не, — не пагадзіўся я. — Яна не памерла. Яна яшчэ моцна трымае маю руку.

Святло. Невыносна зыркае святло. Людзі. Лекар. Я паволі расшчапіў пальцы. Рука Пат упала. Кроў. Скажоны ўдушшам твар. Спакутаваныя застылыя вочы. Карычневыя шаўкавістыя валасы.

— Пат, — сказаў я. — Пат.

І ўпершыню яна не адказала мне.

— Хачу пабыць адзін, — сказаў я.

— Можа, спачатку… — спытаў нехта.

— Не, — сказаў я. — Выйдзіце. Не чапайце.

Я змыў з яе кроў. Я здранцвеў. Я расчасаў ёй валасы. Яна астыла. Я паклаў яе на свой ложак і накрыў коўдрамі. Я сядзеў каля яе і не мог думаць. Я сядзеў на крэсле і ўзіраўся ў яе. Увайшоў сабака і сеў каля мяне. Я бачыў, як мяняўся яе твар. Я не мог нічога зрабіць, як толькі безнадзейна сядзець і глядзець на яе. Потым наступіў ранак. Яе ўжо не было.