Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 8

Эрих Мария Ремарк

Мы пайшлі да астальных. Яны ўжо сядзелі за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку і смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялікую бутэльку гарэлкі.

Біндзінг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзіўна было, чаго толькі ён не ведаў пра аўтамашыны. Калі ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнічаў у гонках, яго прыхільнасць перайшла ўсе межы.

Я прыгледзеўся да яго больш уважліва. Ён быў мажны, высокі мужчына з густымі бровамі над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны і, магчыма, спагадлівы, як людзі, якім звычайна шанцуе ў жыцці. Я мог сабе ўявіць, што вечарам, перш чым класціся спаць, ён сур'ёзна, з гонарам і павагай разглядае сябе ў люстэрка.

Дзяўчына сядзела паміж Ленцам і мной. Яна скінула паліто. На ёй быў шэры ангельскі касцюм. Вакол шыі была павязана белая хусцінка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былі рудавата-шаўкавістыя, у святле лямпы яны пераліваліся янтарным бляскам. Плечы былі вельмі прамыя, але крыху нахіленыя, рукі — вузкія, доўгія, хутчэй кашчавыя, чым мяккія. Твар быў вузкі і бледны, але вялікія вочы надавалі яму палкую сілу. Яна была вельмі прыгожая, на маю думку… але больш нічога такога я не падумаў.

Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамяніўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк ідэй і разам з Біндзінгам завалодаў сталом. Я сядзеў ціха, нічым не прыцягваючы да сябе ўвагі — перадаваў каму-небудзь міску ці прапаноўваў запаліць. Чокаўся з Біндзінгам. Гэта я рабіў даволі часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:

— Ром! Робі, нясі ж наш імянінны ром!

— Дзень нараджэння? У каго дзень нараджэння? — спытала дзяўчына.

— У мяне, — сказаў я. — Мяне ўжо цэлы дзень даймаюць ім.

— Даймаюць? Дык вы не хочаце, каб вас віншавалі?

— Хачу, — сказаў я. — Віншаванне — гэта нешта іншае.

— Дык усяго найлепшага!

Я на момант затрымаў яе руку ў сваёй і адчуў яе цёплы, сухі поціск. Потым я пайшоў па ром. Вялікая і маўклівая ноч разлеглася вакол шынка. Скураныя сядзенні ў машыне адсырэлі. Я спыніўся, пазіраючы на гарызонт, дзе на небе абазначылася чырванаватае зарыва горада. Мне захацелася застацца тут, але мяне ўжо клікаў Ленц.

Біндзінгу ром не пайшоў. Гэта мы заўважылі ўжо пасля другой чаркі. Хістаючыся, ён падаўся ў сад. Я ўстаў, і мы з Ленцам падышлі да стойкі. Ён папрасіў бутэльку джыну.

— Шыкоўная дзяўчына, праўда? — сказаў ён.

— Не ведаю, Готфрыд, — адказаў я. — Не падумаў пра гэта.

Хвілінку ён разглядаў мяне сваімі вясёлкава-блакітнымі вачыма, а потым заматаў вогненнай галавой.

— Навошта ты жывеш, скажы, хлопчык!

— Сам даўно думаю пра гэта, — адказаў я.

Ён засмяяўся.

— Што з цябе возьмеш! Нялёгкая задачка. Але зараз я спачатку разнюхаю, што агульнага ў гэтай дзяўчыны з тоўстым аўтадаведнікам.

Ён пайшоў услед за Біндзінгам у сад. Праз нейкі час яны ўдвух вярнуліся да стойкі. Відаць, навіна была добрая, таму што Готфрыд, перад якім, мусіць, адкрылася поле дзейнасці, у радасці ад гэтага трымаўся неадступна каля Біндзінга. Яны заказалі яшчэ адну бутэльку джыну і праз гадзіну былі ўжо на «ты». Ленц, калі быў у добрым настроі, мог так забавіць, што вырвацца ад яго было цяжка. Цяпер ён проста запаланіў Біндзінга, і неўзабаве яны ўдвух ужо спявалі ў альтанцы салдацкія песні. Пра дзяўчыну за гэтай справай апошні рамантык зусім забыўся…