Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 10

Эрих Мария Ремарк

ІІ

Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў і прачнуўся, калі промні сонца ўпалі мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка і адчыніў вокны. На дварэ было свежа і ясна. Я паставіў прымус на лаўку і пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскі, дазволіла мне варыць каву ў пакоі. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асабліва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансіянаце Залеўскі. Месца мне падабалася. Было куды пайсці — побач Дом прафсаюзаў, кавярня «Інтэрнацыяналь» і рэстаран, дзе адбываліся сходы Арміі выратавання. Перад домам, акрамя таго, былі старыя могілкі. На іх раслі дрэвы, як у парку, і спакойнымі вечарамі можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмі позна, бо побач з могілкамі была шумная плошча з каруселямі і арэлямі.

У скарбонку фраў Залеўскі могілкі прыносілі надзейны прыбытак. Яна хваліла свежае паветра і шырокія далягляды і за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:

— Але, панове, падумайце толькі — якое месца!

Я апранаўся вельмі павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелі. Я ўмыўся, пахадзіў па пакоі, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна і паназіраў, як паліваюць вуліцу, паслухаў спеў птушак у высокіх дрэвах на могілках — яны спявалі, як маленькія срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да ціхага пяшчотнага буркатання меланхалічнай шарманкі на плошчы. Я выбіраў сарочку і шкарпэткі, хоць выбіраць асабліва не было з чаго, з некалькіх сарочак і пар шкарпэтак я выбіраў так, быццам іх было ў дваццаць разоў больш; насвістваючы, я павыкідваў усё з кішэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, і раптам — учарашняя паперка з імем дзяўчыны і нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзіўнае імя — Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю… За выпіўкай жыццё было цудоўнае— ты хутка рабіўся цэльным, але паміж вечарам і раніцай зноў утвараліся прагалы, як быццам міналі гады.

Я сунуў запіску пад стос кніжак. Патэлефанаваць? Магчыма… а магчыма, і — не. Днём усё выглядала інакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна і быў задаволены. Даволі хапіла шуму ў апошнія гады. «Толькі не падпускаць нічога блізка да сэрца, — гаварыў Кёстэр. — Тое, што падпусціш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нічога…»

У гэты час у суседнім пакоі пачаўся ранішні вэрхал. Я шукаў капялюш, які я, відаць, учора некуды закінуў. На хвілінку я прыслухаўся. Сварыліся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылі тут у маленькім пакойчыку. Гэта былі нядрэнныя людзі. Калі б яны мелі трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадыні, ды каб яшчэ дзіця — магчыма, гэта была б шчаслівая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзіця ў гэтыя ненадзейныя часы — хто яго мог сабе дазволіць! Яны ўвесь час натыкаліся адно на аднаго, жонка стала істэрычкай, а муж увесь час баяўся страціць сваё месца. Тады б — капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш ніхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазіцыі паволі, і заўсёды з'яўляліся новыя магчымасці, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем — адразу прадонне вечнага беспрацоўя.