Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 9

Эрих Мария Ремарк

У шынку мы засталіся траіх. Раптам стала вельмі ціха. Цікаў гадзіннік. Гаспадыня прыбрала са стала і позіркам добрай маці пазірала на нас. Каля печы выцягнуўся руды ганчак. Час ад часу ён сонна ўзбрэхваў, ціха, высокім голасам, нібы скардзячыся. Вецер гладзіў аконныя шыбы. Яго пошум сплятаўся з урыўкамі салдацкіх песень, і мне здавалася, што маленькі пакой уздымаецца і лунае з намі праз ноч і праз гады, міма многіх успамінаў.

Настрой быў нязвыклы. Здавалася, што час спыніўся. Ён ужо здаваўся не ракой, якая выплывала са змроку і ў ім жа хавалася, гэта было мора, у якім бязгучна адлюстроўвалася жыццё. Я трымаў у руцэ чарку. Ром зіхацеў. Я прыпомніў пра запісы, якія рабіў учора ў майстэрні. Тады мне было крыху сумна. А цяпер ужо не было. Было абыякава: жыві — пакуль жывеш. Я глянуў на Кёстэра. Я чуў, як ён размаўляў з дзяўчынай. Але да слоў я не прыслухоўваўся. Я адчуваў мяккі пошум першага хмелю, які падаграваў кроў і які падабаўся мне, бо ён накідваў на невядомае покрыва прыгоды. У садзе Ленц з Біндзінгам спявалі пра Аргонскі лес. Каля мяне размаўляла незнаёмая дзяўчына. Яна гаварыла ціха і павольна, нізкім, крыху хрыпаватым голасам, які ўзбуджаў. Я выпіў чарку.

Тыя ўдвух зноў вярнуліся. На свежым паветры яны працверазелі. Мы зазбіраліся. Я дапамагаў дзяўчыне апрануць паліто. Яна стаяла блізка, распраўляючы гнуткія плечы. Рот у яе быў крыху адкрыты, усмешка, нікому не адрасаваная, была звернута ў столь. Я на момант выпусціў з рук паліто. Дзе былі дагэтуль мае вочы? Ці я спаў? Я раптам зразумеў узнёсласць Ленца.

Яна запытальна павярнулася да мяне. Я хуценька зноў паднёс паліто і зірнуў на Біндзінга, які — расчырванелы і ўсё яшчэ асалавелы — стаяў каля стала.

— Вы думаеце, што ён зможа весці машыну? — спытаў я.

— Будзем спадзявацца.

Я ўсё яшчэ глядзеў на яе.

— Калі ён не зусім надзейны, нехта з нас можа паехаць.

Яна дастала пудраніцу і адчыніла яе.

— Неяк будзе, — сказала яна. — Выпіўшы, ён кіруе яшчэ лепш.

— Лепш і, пэўна, яшчэ больш неасцярожна, — запярэчыў я. Яна скоса глянула на мяне, адарваўшы позірк ад люстэрка.

— Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра, — сказаў я.

Такая надзея была абгрунтаваная, бо Біндзінг ледзь трымаўся на нагах. А я не мог так проста развітацца з ёю.

— Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? — спытаў я.

Яна адказала не адразу.

— Мы, ініцыятары гэтай п'янкі, нясём пэўную адказнасць, — гаварыў я. — Асабліва я, з тым сваім ромам.

Яна засмяялася.

— Ну добра, калі вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад — 2796.

На дварэ я адразу запісаў сабе нумар. Мы паглядзелі ўслед машыне Біндзінга і выпілі «на пасашок». Потым зароў наш «Карл». Ён імчаў праз лёгкі сакавіцкі туман, мы дыхалі часта, горад набліжаўся насустрач нам — вогненны і хісткі ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзі. Мы кінулі якар. Золатам іскрыўся каньяк, джын блішчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелі на высокіх сядзеннях бара, музыка плёскалася, існасць была светлая і надзейная; сілай наліваліся нашыя грудзі, забыліся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якія чакалі нас, адчай будзённасці. Стойка бара ператварылася ў капітанскі мосцік на караблі жыцця, і мы плылі ў будучыню ў пырсках пены…