Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 7

Эрих Мария Ремарк

Таўстун пазіраў на нас разгублена. Ён страціў самаўпэўненасць і, відаць, не ведаў, што цяпер рабіць.

— Біндзінг, — нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвішча магло яго ўратаваць.

Дзяўчына падышла ўжо блізка. Мы зрабіліся яшчэ ветлівейшыя.

— Дык пакажы машыну, Ота, — сказаў Ленц, кідаючы хуткі позірк на Кёстэра.

— Чаму ж не, — весела ўсміхнуўшыся, адгукнуўся Ота.

— Я і праўда паглядзеў бы яе, — сказаў Біндзінг больш міралюбна. — Відаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставіла.

Яны ўдвух пайшлі на стаянку, і Кёстэр падняў капот «Карла».

Дзяўчына не пайшла з імі. Статная, яна моўчкі стаяла ў змроку паміж мной і Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак і «завядзецца». Ён быў створаны на такія сітуацыі. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклівы манах на адпачынку, і не варушыўся.

— Прабачце, калі ласка, — сказаў я нарэшце. — Мы не заўважылі вас у машыне. Інакш мы не паводзілі б сябе так непрыстойна.

Дзяўчына зірнула на мяне.

— Але чаму ж? — запярэчыла яна спакойна. У яе быў нечакана нізкі голас. — Нічога дрэннага не здарылася.

— Не дрэнна, але і не зусім прыстойна. Гэтая машына развівае хуткасць да двухсот кіламетраў.

Яна крыху прыгнулася і ўсунула рукі ў кішэні паліто.

— Дзвесце кіламетраў?

— Дакладна — 189,2, афіцыйна зафіксавана, — горда заявіў Ленц, нібы выстраліў з пісталета.

Яна засмяялася.

— А мы падумалі — шэсцьдзесят — семдзесят.

— Бачыце… — сказаў я, — вы ж не ведалі…

— Не, — адказала яна. — Мы сапраўды не ведалі. Мы падумалі, што «б'юік» бяжыць у два разы хутчэй за вашу машыну.

— Ну вось… — Я нагой адфутболіў адламаны сучок. — У нас была занадта вялікая перавага. А пан Біндзінг, мусіць, добра раззлаваўся на нас.

Яна засмяялася.

— Вядома, у нейкі момант. Але ж трэба ўмець і прайграваць. А інакш — як жыць?

— Вядома…

Утварылася паўза. Я зірнуў на Ленца. Але апошні рамантык толькі пасміхаўся, торгаў носам, не падаючы рукі дапамогі. Шапацелі бярозы. За домам закудахтала курыца.

— Цудоўнае надвор'е, — нарэшце прамовіў я, каб парушыць маўчанне.

— Так, выдатнае, — адказала дзяўчына.

— І такое пяшчотнае, — дадаў Ленц.

— Нават незвычайна пяшчотнае, — дапоўніў я.

Зноў павісла паўза. Дзяўчына, пэўна, палічыла нас ёлупнямі. Але як я ні намагаўся, нічога разумнага не прыходзіла ў галаву. Ленц абнюхваў наваколле.

— Печаныя яблыкі, — прамовіў ён чулліва, — тут, здаецца, да пячонкі падаюць печаныя яблыкі. Далікатэс.

— Несумненна, — пагадзіўся я, праклінаючы нас абодвух.

Вярнуліся Кёстэр і Біндзінг. Біндзінг за гэтыя некалькі хвілін зусім перамяніўся. Ён, відаць, быў адзін з тых аўтадзівакоў, хто, сустрэўшы дзе-небудзь спецыяліста, з якім можна пагутарыць, расцвітае душой.

— Павячэраем разам? — спытаў ён.

— А як жа, — адказаў Ленц.

Мы ўвайшлі ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падміргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.

— Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння раніцай.

Я паціснуў плячыма.

— Магчыма, але чаму ты змусіў аддувацца мяне аднаго?

Ён засмяяўся.

— Трэба ж вучыцца, хлопчык!

— Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы, — сказаў я.