Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 6

Эрих Мария Ремарк

— Малайчына, Ота, — сказаў Ленц Кёстэру. — Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.

Дзеля такіх пагоняў мы не мянялі «Карлу» кузава. Варта было яму з'явіцца на дарозе, і ўжо некаму карцела перагнаць яго. На іншыя машыны ён дзейнічаў, як варона з перабітым крылом дзейнічае на зграю галодных катоў. Самым мірным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, і нават самыя мажныя барадачы не маглі вытрываць гоначнага азарту, калі яны бачылі, як перад імі ішла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтха. Хто мог уявіць сабе, што ў гэтай камічнай фігуры б'ецца вялікае сэрца гоначнага матора!

Ленц сцвярджаў: «Карл» выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцівасці да вынікаў творчасці, якія заўсёды прыкрыты някідкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, які называў сябе апошнім рамантыкам.

Мы спыніліся перад невялічкім шынком і выбраліся з машыны.

Вечар быў цудоўны і ціхі. Барозны ўзаранага поля адсвечвалі фіялетавым святлом. Краі аддавалі залаціста-карычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалі воблакі, падобныя да вялікіх птушак фламінга, а між імі хаваўся вузенькі сярпок маладзіка. Арэхавы куст трымаў у сваіх абдымках змрок і прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. З маленькага шынка плыў пах смажаніны. Смажылі пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.

Ленц рынуўся ў дом насустрач паху. Ён вярнуўся прасветлены.

— Вы не бачылі такой смажанай бульбы! Хутчэй, а то найлепшую з'ядуць!

У гэты момант з шумам падкаціла яшчэ адна машына. Мы спыніліся, аслупянелыя. Гэта быў «б'юік». Ён рэзка затармазіў каля «Карла».

— Гоп-ля! — сказаў Ленц. У нас ужо часта ў такіх выпадках здараліся бойкі.

З машыны выйшаў мужчына. Ён быў высокі і ў целе. На ім было шырокае карычневае паліто з вярблюджай шэрсці. Незадаволеным скасавураным позіркам ён глянуў на «Карла», потым сцягнуў тоўстыя пальчаткі і падышоў да нас.

— Якой маркі гэта ваша машына? — спытаў ён Кёстэра, які стаяў бліжэй за ўсіх да яго. А твар у чалавека напамінаў салёны агурок.

Мы ўсе ўтрох нейкі час моўчкі глядзелі на яго. Пэўна, ён палічыў, што мы слесары ў выхадным адзенні, якія выехалі на чужой машыне.

— Вы штосьці сказалі? — нарэшце спытаў Ота няўпэўнена, нібы падказваючы таму, што трэба быць больш ветлівым.

Мужчына пачырванеў.

— Я спытаў пра гэтую машыну, — прамовіў ён буркліва тым самым тонам.

Ленц выпрастаўся. Яго вялікі нос уздрыгнуў. Ён надаваў вялікае значэнне ветлівасці ў адносінах да сябе. Але перш чым ён паспеў адкрыць рот, раптам адчыніліся, нібы ад рукі святога духа, дзверцы «б'юіка»; выслізнула маленькая ножка, потым паказалася цененькае каленца, затым з машыны выйшла дзяўчына і павольна пайшла да нас. Ад неспадзяванасці мы пераглянуліся. Мы раней не заўважылі, што нехта ёсць у машыне. Ленц адразу змяніў паводзіны. Ён заўсміхаўся на ўвесь рабаціністы твар. Мы заўсміхаліся ўсе разам, чорт яго ведае чаму.