Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 205

Эрих Мария Ремарк

Міма нас з вясёлым шумам прайшла група лыжнікаў. Сярод іх было некалькі жанчын з шырокімі белазубымі ўсмешкамі на здаровых загарэлых тварах, тлуста змазаных крэмам. Яны крычалі, што хочуць есці, як сабакі. Мы пачакалі, пакуль яны пройдуць.

— І такія вось жывуць, — сказаў я. — Жывуць, здаровыя, як кабыліцы. Як агідна!

— Ты гаварыў з самім галоўным лекарам? — спытаў Кёстэр.

— З ім. Ён мне ўсё растлумачыў з многімі недагаворкамі. Але вынік ясны: стан пагоршыўся. Хоць ён і кажа, што стала лепш.

— Не разумею.

— Ён сцвярджае: калі б яна засталася ў горадзе, то надзея даўно была б страчана. А тут працэс быў запаволены. І гэта ён называе паляпшэннем.

Кёстэр чарціў абцасамі па жорсткім снезе. Потым ён падняў галаву.

— Значыць, у яго ёсць надзея?

— У лекара заўсёды ёсць надзея, гэта частка яго прафесіі. Але ў мяне яе вельмі мала. Я спытаў у яго, ці рабіў ён прадзіманне. Ён адказаў, што ўжо нельга. Некалькі год назад ёй ужо рабілі. Цяпер ужо пашкоджаны абодва лёгкія. Гэта як пракляцце, Ота.

Старая ў растаптаных галёшах спынілася каля нас. У яе быў бледны запалы твар і патухлыя вочы графітнага колеру, якія здаваліся сляпымі. Шыя была закручана старамодным баа з пёраў. Яна няспешна ўзняла ларнетку і паўзіралася на нас. Потым пасунулася далей.

— Агідны прывід!

— А што ён сказаў яшчэ? — спытаў Кёстэр.

— Ён мне растлумачыў, ад чаго магла з'явіцца хвароба. У яго ўжо было шмат пацыентаў такога ўзросту. Гэта — вынікі вайны. Недаяданне ў дзяцінстве. Але навошта мне гэта ўсё? Яна павінна паправіцца. — Я глянуў на яго. — Вядома, ён сказаў мне, што бачыў шмат цудаў. Менавіта пры гэтай хваробе часта здараецца, што працэс спыняецца, ачагі рубцуюцца і чалавек папраўляецца. Нават у самых безнадзейных выпадках. Але я не веру ў цуды.

Кёстэр не адказаў. Мы сядзелі моўчкі. А што было гаварыць? Мы абодва занадта шмат перажылі і пабачылі, каб суцяшацца словамі.

— Яна не павінна ні пра што здагадвацца, Робі, — нарэшце сказаў Кёстэр.

— Вядома, — адказаў я.

Мы сядзелі, чакаючы Пат. Галава ў мяне была пустая. Я не адчуваў нават адчаю, я здранцвеў, быў бяздумны.

— Вось яна, — сказаў Кёстэр.

— Яна ідзе, — сказаў я і ўстаў.

— Прывітанне! — Пат падышла да нас. Яна крыху хісталася і смяялася. — Я крыху зап'янела. Ад сонца. Заўсёды, паляжаўшы на сонцы, я хістаюся, як стары марак.

Я зірнуў на яе, раптам усё перамянілася. Я больш не верыў лекару. Я верыў у цуд. Яна была побач, яна жыла, яна стаяла і смяялася — усё астатняе адступіла перад гэтым.

— Што гэта ў вас за твары? — спытала яна.

— Гарадскія твары, што не адпавядаюць месцу, — сказаў Кёстэр. — Не можам прывыкнуць да сонца.

Яна засмяялася.

— У мяне сёння добры дзень. Без тэмпературы. Мне можна выйсці. Сходзім у вёску, вып'ем там чарку.

— А ці не паехаць нам лепей на санях?

— Дайду пехатой, — сказала Пат.

— Я ведаю, — сказаў Кёстэр. — Але я ніколі не ездзіў на такой штуковіне. Хачу паспрабаваць.

Мы паклікалі фурмана і паехалі ўніз па звілістай дарозе ў вёску. Мы спыніліся каля кавярні з маленькай сонечнай тэрасай. Там ужо сядзела шмат наведнікаў, і сярод іх я пазнаў сяго-таго з санаторыя. Тут быў таксама італьянец, якога я бачыў у бары. Яго звалі Антоніа. Ён падышоў да нашага століка, каб павітацца з Пат. Ён расказаў, што нейкія жартаўнікі мінулай ноччу выкацілі ложак з сонным хворым з пакоя і завезлі ў пакой старой настаўніцы.