Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 207

Эрих Мария Ремарк

— Вы ўчора тут праязджалі? — спытала Пат.

— Праязджалі.

Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спыніўся. Від адсюль зверху быў дзівосны. Напярэдадні, калі мы з цяжкасцю прабіраліся праз ледзяны сіні вечар, мы глядзелі толькі на дарогу.

За горнымі скаламі адкрывалася маляўнічая даліна. Абрысы далёкіх гор рэзка і выразна вылучаліся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяціліся золатам. Залацістыя плямы, нібы пыл, ляжалі на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схілы з кожнай хвілінай усё больш набывалі шыкоўны светла-ружовы колер, а сінія цені рабіліся ўсё цямнейшымі. Сонца стаяла якраз паміж дзвюма полымнымі вяршынямі, а шырокая даліна са сваімі пагоркамі і схіламі здавалася магутным, нямым, бліскучым парадам перад уладаром, які вось-вось схаваецца за небакраем. Фіялетавая стужка дарогі вілася вакол пагоркаў, знікала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала міма вёсак і ўпіралася якраз на перавале ў небасхіл.

— Так далёка ад вёскі я яшчэ ніколі не была, — сказала Пат. — Гэта дарога вядзе дадому?

— Так.

Яна маўчала, глядзела ўніз. Потым выйшла з машыны і засланіла даланёй вочы ад сонца.

— А колькі да горада? — спытала яна.

— Каля тысячы кіламетраў. У маі мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.

— У маі, — паўтарыла яна. — Божа мой, у маі.

Сонца паволі садзілася. Даліна ажывала. Цені, якія да гэтага нерухома хаваліся ў складках зямлі, пачалі бясшумна вылазіць і паўзці ўсё вышэй, нібы сінія агромністыя павукі. Пахаладала.

— Трэба вяртацца, Пат, — сказаў я.

Яна зірнула на мяне, і яе твар раптам перамяніўся, нібы ад болю. Я імгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо ніколі не перасячэ гэты бязлітасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як і мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае імгненне яна страціла пільнасць, і ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.

— Давайце яшчэ крыху праедзем, — сказала яна. — Зусім крышачку ўніз.

— Паехалі, — сказаў я, зірнуўшы спачатку на Кёстэра.

Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе і накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўніз, у даліну, у цені.

— Робі, каханы, — шаптала Пат мне на вуха, — здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.

— Праўда, — сказаў я і нацягнуў на яе коўдру да шыі. Чым ніжэй мы спускаліся, тым цямней рабілася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзі, я адчуваў яе руку целам, а потым яе дыханне, яе вусны, а потым — слёзы.

Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскі, апісаўшы вялізную дугу, і мы паволі паехалі назад.

Калі мы дабраліся да вяршыні, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе паміж воблакамі ўжо плыў бледны і чысты месяц. Мы ехалі назад, ланцугі аднастайна стукалі, перабіраючы зямлю. Зрабілася вельмі ціха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывяніла рана.

Праз гадзіну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накіраваўся на метэаралагічную станцыю, каб даведацца пра надвор'е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамі панаваў вечар, шэры і мяккі, як аксаміт. Неўзабаве падышоў Антоніа і сеў за мой столік. За адным з суседніх столікаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пінжаку і кароценькіх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляці з адтапыранымі вуснамі і халоднымі вачыма. Круглая чырвоная лысіна блішчала, як більярдны шар. Побач з ім сядзела хударлявая жанчына з глыбокімі ценямі пад вачыма, з пакутлівым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцілася, ружовыя ручкі ўвесь час абводзілі плаўныя кругі.