Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 206

Эрих Мария Ремарк

— Навошта яны гэта зрабілі? — спытаў я.

— Ён паправіўся і праз некалькі дзён ад'язджае, — адказаў Антоніа. — У такіх выпадках жартуюць гэтак.

— Славуты чорны гумар тых, хто застаецца, каханы, — сказала Пат.

— Тут, у санаторыі, людзі дзяціняцца, — прамовіў Антоніа, нібы прабачаючы ім.

«Паправіўся, — падумаў я. — Нехта паправіўся і вяртаецца дадому».

— Чаго ты хацела б выпіць, Пат? — спытаў я.

— Марціні. Сухога марціні.

Па радыё паліліся гукі венскіх вальсаў. Здавалася, што ў цёплым летнім паветры залуналі лёгкія светлыя сцягі. Кельнер прынёс віно. Яно было вельмі халоднае і, калі сонца трапляла на яго, іскрылася перламутрам.

— Як добра пасядзець вось так, праўда? — спытала Пат.

— Выдатна, — адказаў я.

— Але часам гэта бывае невыносна, — сказала яна.

Мы засталіся ў вёсцы да абеду. Пат гэта вельмі падабалася. У апошні час ёй не дазвалялі выходзіць з санаторыя. Гэта быў яе першы выхад. Яна сказала, што адчувае сябе ў два разы здаравейшай, калі абедае ў вёсцы. Антоніа таксама палуднаваў з намі. Потым мы зноў паехалі наверх, і Пат пайшла ў свой пакой. Яна хацела дзве гадзінкі адпачыць.

Мы з Кёстэрам вывелі «Карла» з гаража і агледзелі яго. Трэба было замяніць дзве паламаныя рысоры. У майстра з гаража знайшліся інструменты, і мы ўзяліся за справу. Потым мы змазалі шасі. Калі ўсё было гатова, мы выкацілі яго на вуліцу. Ён стаяў на снезе, абпырсканы гразёй і з абвіслымі вушамі.

— Памыем яго? — спытаў я.

— Не, у дарозе не будзем, — сказаў Кёстэр. — За гэта ён пакрыўдзіцца.

Падышла Пат. Яна выспалася і пасвяжэла. Вакол яе весела бегаў сабака.

— Білі! — клікнуў я.

Ён здзіўлена зірнуў, але не вельмі ўзрадаваўся. Ён не пазнаў мяне і зусім засаромеўся, калі Пат звярнула яго ўвагу на маю асобу.

— Вось як бывае, — сказаў я. — Дзякуй богу, што ў людзей крыху лепшая памяць. А дзе ж ён быў учора?

Пат засмяялася.

— Ён увесь час ляжаў пад ложкам. Ён раўнуе да маіх гасцей і ад злосці хаваецца.

— У цябе цудоўны выгляд, — сказаў я.

Яна шчаслівымі вачыма глянула на мяне. Потым наблізілася да «Карла».

— Хочацца зноў пасядзець у машыне і крыху пакатацца.

— Вельмі проста, — сказаў я. — Праўда, Ота?

— Без сумнення. На вас цёплае паліто, а ў нас ёсць яшчэ шалі і коўдры.

Пат села наперадзе каля Кёстэра. «Карл» зароў. Выхлапныя газы блакітна-белымі воблачкамі закруціліся ў паветры. Матор яшчэ не разагрэўся. Ланцугі, ляскаючы, пачалі няспешна падмінаць пад сябе снег. «Карл» з пырханнем. грукатам і вуркатаннем споўз уніз да вёскі і прабег па галоўнай вуліцы, як прыгорблены воўк, сярод конскага тупату і звону шаргуноў.

Мы выехалі з вёскі. Быў надвячорак, заснежаныя палі, асветленыя нізкім сонцам, паблісквалі ружовымі іскрамі. Некалькі стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялі пад гарой. Апошнія лыжнікі маленькімі кропкамі скочваліся ў даліну. Пры гэтым яны праслізгвалі па чырвоным сонцы, якое вялізным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, — вялізны ком сухога жару.