Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 202

Эрих Мария Ремарк

Машына, равучы, імчала паміж стракатых крамаў на галоўнай вуліцы. Пешаходы адскоквалі ўбок, напуджаныя нязвыклым відовішчам. Нечыя коні панеслі, санкі перавярнуліся, а наша машына хутка дабралася па звілістай дарозе да санаторыя і спынілася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамільгнулі цікаўныя твары, постаці, кантора, ліфт. Я прабег праз белы калідор, рыўком адчыніў дзверы і ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотні разоў у сне і ў марах. Яна пайшла мне насустрач, і я трымаў яе ў абдымках — як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.

— Дзякуй богу, — сказаў я, калі прыйшоў у сябе. — Я баяўся, што ты ў пасцелі.

Яна прытулілася да майго пляча і пахітала галавой. Потым выпрасталася, сціснула далонямі мой твар і ўважліва паглядзела мне ў вочы.

— Ты тут! — прашаптала яна. — Аж не верыцца!

Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур'ёзна, пяшчотна, нібы дакрануўшыся да нечага і баючыся, каб не разбіць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, і я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут і не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора і дарогі. Я адчуваў сябе як чалавек, які з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.

— Мы ехалі хутка, — сказаў я.

Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкі глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваім выразам, яе вочы былі вельмі блізка, і здавалася, што яна шукае і хоча знайсці штосьці вельмі важнае. Я абняў яе за плечы і апусціў позірк долу.

— Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.

Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькі дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позіркам я не мог сказаць.

— Праўда, — сказаў я. — Я застануся тут. Пачакаю, калі можна будзе паехаць разам.

Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нібы асветлены з сярэдзіны.

— Ах, — прашаптала яна. — Я не вытрывала б…

Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лісток, скамячыла яго і шпурнула пад ложак.

— Цяпер гэта не мае значэння, — сказала яна.

Я заўважыў, дзе ляжала паперка, і вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.

— Ты хварэла? — спытаў я.

— Крышку. Але ўсё прайшло.

— А што сказаў лекар?

— Не пытай цяпер пра лекара. Увогуле ні пра што не пытай. Ты тут, і гэтага дастаткова.

Яна раптам змянілася. Не ведаю, ці таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была іншая, не такая, як раней. Яе рухі былі больш плаўныя, яе цела цяплейшае, і нават да мяне яна наблізілася неяк інакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з'явілася новае. Калі я раней часта сумняваўся, ці любіць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нічога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём і блізкая мне як ніколі… напоўненая жыццём, блізкая і прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але і ўсяляла ў мяне дзіўным чынам нейкую трывогу.