Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 200

Эрих Мария Ремарк

Я палез у кішэнь, каб разлічыцца з ім.

— Ты звар'яцеў? — спытаў ён.

— Тады дзякуй, Густаў. Не затрымлівайся. Да пабачэння.

— А можа, пасочым, ці не зловім таго зладзея?

— Не, не, той, напэўна, ужо далёка. — Я раптам заспяшаўся. — Да пабачэння, Густаў.

— У цябе хопіць бензіну?

— Хопіць. Я ўжо праверыў. Дабранач.

Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ і на трэцяй хуткасці паволі пакаціўся ўніз. Калі я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.

— Што гэта значыць?

— Садзіся, — хутка сказаў я. — Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён… ён знайшоў таго ўжо.

— І?

— Усё, — сказаў я.

Кёстэр моўчкі сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасціўся каля мяне, крыху паніклы. Я паехаў.

— Паедзем да мяне? — спытаў я.

Ён кіўнуў галавой. Я даў газу і накіраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцілася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другім баку чарнелі, накрытыя ценем, а на вуліцах ляжала нерухомае блакітнае святло, па якім, як па снезе, слізгалі шыны. Над радамі дамоў узвышаліся шырокія вежы сабора ў стылі барока. Яны мігцелі на далёкім фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымі водсветамі. Над усім, як светлавая ракета, вісеў месяц.

— Я рады, Ота, што так атрымалася, — сказаў я.

— А я — не, — адказаў ён.

У фраў Залеўскі яшчэ гарэла святло. Калі я адчыніў дзверы, яна выйшла са свайго салона.

— Вам тэлеграма, — сказала яна.

— Тэлеграма? — здзіўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеі вечара. Потым я зразумеў і пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркім святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзі сціснуліся, літары расплыліся, пабеглі, зноў з'явіліся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоілася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.

— Дзякаваць богу, я ўжо думаў…

Там былі толькі тры словы: «Робі, прыязджай хутка».

Я забраў лісток. Палёгка знікла. Вярнуўся страх.

— Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нічога не паведамляе? Нешта, відаць, здарылася!

Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.

— Калі ты апошні раз гутарыў з ёю?

— Тыдзень назад. Не, даўней…

— Закажы размову. Калі што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнік?

Я заказаў размову з санаторыем і прынёс з гасцёўні фраў Залеўскі даведнік. Кестэр разгарнуў яго.

— Наступны цягнік ідзе толькі заўтра аполудні, — сказаў ён. — Лепш паедзем на машыне і дабяромся як мага бліжэй да санаторыя. А там можам перасесці на цягнік. Мы некалькі гадзін абавязкова зэканомім. Як ты думаеш?

— Мусіць, так будзе лепш.

Я не мог сабе ўявіць, як я вытрываю некалькі гадзін пасіўнай язды ў цягніку.

Зазваніў тэлефон. Кёстэр забраў даведнік і пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасіў паклікаць Пат. Праз хвіліну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.

— Што з ёй? — закрычаў я.

— Некалькі дзён назад была невялікая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.

— Перадайце ёй, што я еду, — закрычаў я. — З Кёстэрам і «Карлам». Мы зараз выязджаем. Вы зразумелі?

— З Кёстэрам і Карлам, — паўтарыў голас.

— Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.

— Я зараз жа перадам ёй.

Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпісваў расклад цягнікоў.