Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 201

Эрих Мария Ремарк

— Пакуй чамадан, — сказаў ён. — Я паеду дадому і вазьму свой. Праз паўгадзіны вярнуся.

Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымі наклейкамі гатэляў. Я хутка ўпакаваўся і сказаў пра ад'езд фраў Залеўскі і гаспадару «Інтэрнацыяналя». Потым сеў у сваім пакоі каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмі ціха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, і раптам мяне ахапіла гарачае, дзікае нецярпенне, перад якім усё астатняе адступала — страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявіць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.

Я ўзяў чамадан і спусціўся ўніз. Раптам усё прыблізілася і пацяплела: лесвіца, застаялы пах калідора, халодная бліскучая гумавая шэрсць асфальту, па якім толькі што падкаціў «Карл».

— Я ўзяў дзве коўдры, — сказаў Кёстэр. — Будзе холадна. Ухутайся як след.

— Мы павядзём машыну па чарзе? — спытаў я.

— Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполудні.

Праз паўгадзіны мы выехалі з горада, і нас паглынула бязмежная маўклівасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалі фараў. Шум матора быў падобны да нізкіх гукаў аргана, але ён не парушаў цішыні.

— Табе трэба паспаць, — сказаў Кёстэр.

— Не магу, Ота.

— Тады хоць прыляж, каб заўтра раніцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германію.

— Я і так адпачну.

Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намі. Палі блішчалі, як перламутр. Час ад часу міма праляталі вёскі, зрэдку — горад, сонны, пусты. Цясніны вуліц паміж радамі дамоў былі залітыя прывідным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кіно.

…Пад раніцу зрабілася холадна. Лугі раптам заблішчалі ад інею, дрэвы, як сталёвыя, стаялі на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комінаў там-сям паплыў дым. Мы памяняліся месцамі, і да дзесяці гадзін руляваў я. Потым мы хуценька паснедалі ў шынку каля дарогі, і да дванаццаці я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзіў хутчэй, і я больш не падмяняў яго.

На змярканні мы пад'ехалі да гор. У нас у машыне былі ланцугі на колы і рыдлёўка. Мы спыталі, ці далёка яшчэ можна ехаць на машыне.

— Паспрабуйце з ланцугамі, — сказаў сакратар аўтаклуба. — Сёлета мала снегу. Не ведаю толькі, як будзе на апошніх кіламетрах. Там, магчыма, засядзеце.

Да прыходу цягніка ў нас было шмат часу, і мы вырашылі паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. «Карл» браў горны серпанцін віток за вітком. На сярэдзіне дарогі мы паставілі на колы ланцугі. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многіх месцах абледзянела. Машына буксавала і ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзілася вылазіць і падпіхваць яе. Два разы мы правальваліся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылі вядро пяску, бо на такой вышыні мы пабаяліся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусім сцямнела, над намі ў змроку навісалі адвесныя голыя скалы, дарога звузілася, матор напінаўся на першай хуткасці, паварот за паваротам вёў нас уніз. Раптам промні фараў сарваліся са скалаў, горы расступіліся, і мы ўбачылі ўнізе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.