Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 199

Эрих Мария Ремарк

— Так і ёсць, — буркнуў Альфонс. — Давай, перавязвай.

— Альфонс, — сказаў я, выпростваючыся. — Дзе Ота?

— Адкуль я ведаю, дзе Ота, — прамармытаў ён і выціснуў кроў з раны.

— Вы былі не разам?

— Не.

— Ты яго не бачыў?

— І не блізка. Разгарні другі пакунак і накладзі зверху. Толькі драпіна.

Ён, нешта мармычучы, займаўся сваёй ранай.

— Альфонс, — сказаў я, — мы бачылі сёння таго… ты ведаеш, які Готфрыда… Ота палюе на яго.

— Што? — Ён адразу насцярожыўся. — Дзе ён? Цяпер ужо не мае сэнсу. Яму трэба пакінуць гэта…

— Ён не пакіне.

Альфонс адкінуў убок нажніцы.

— Едзь туды! Ты ведаеш, дзе ён? Ён павінен знікнуць. Скажы яму, што справа Готфрыда закрыта. Я справіўся раней, чым вы. Ты ж бачыш! Страляў у мяне, але я адбіў яму руку. Потым выстраліў я. Дзе Ота?

— Дзе-небудзь у раёне Мёнкештрасэ.

— Дзякуй богу. Ён там даўно не жыве. Але ўсё ж забяры яго.

Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў на стаянку таксі, дзе звычайна спыняўся Густаў. Ён быў там.

— Густаў, — сказаў я, — ты можаш хутка пад'ехаць да рога вуліцы Візэнштрасэ і плошчы Бальвю? Хуценька! Я чакаю цябе там.

— Дамовіліся. Праз дзесяць хвілін буду.

Я павесіў слухаўку і вярнуўся да Альфонса.

— Я не ведаў, што вы ездзілі па горадзе, — сказаў ён. Яго твар быў яшчэ ўспацелы. — Было б лепш, калі б вы сядзелі дзе-небудзь. Для алібі. Можа здарыцца, што вас будуць дапытваць. Ніколі не ведаеш…

— Падумай лепш пра сябе, — сказаў я.

— Нічога! — Ён гаварыў хутчэй, чым звычайна. — Мы былі адзін на адзін. Я чакаў яго ў пакоі. У летнім дамку. Вакол ніякіх суседзяў. Акрамя таго — самаабарона. Мне алібі не патрабуецца. А калі захачу, то ў мяне іх будзе дзесятак.

Ён зірнуў на мяне, павярнуўшы ў мой бок мокры шырокі твар. Валасы зліпліся, рот скрывіўся, а яго позірк немагчыма было вытрымаць — столькі пакуты, болю і любові непрыкрыта і безнадзейна раптам адлюстравалася ў ім.

— Цяпер Готфрыд можа спаць спакойна, — сказаў ён ціхім хрыплым голасам. — У мяне дагэтуль было пачуццё, што яму неспакойна.

Я анямела стаяў перад ім.

— Ідзі, — сказаў ён.

Я праз кавярню выйшаў на вуліцу. Дзяўчына ўсё яшчэ спала. Яна гучна дыхала. Месяц падняўся, было вельмі светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блішчалі ў месячным святле, нібы срэбныя люстэркі. Вецер улёгся. Навокал было ціха.

Густаў пад'ехаў праз некалькі хвілін.

— Што здарылася, Роберт? — спытаў ён.

— Нашу машыну ўкралі сёння вечарам. Цяпер мне сказалі, што яе бачылі ў раёне Мёнкештрасэ. Пад'едзем туды?

— Вядома! — Густаў заспяшаўся. — Чаго цяпер толькі не крадуць. Што ні дзень, то некалькі машын. Але найчасцей катаюцца толькі, пакуль хапае бензіну. А потым кідаюць.

— Магчыма, і з нашай будзе тое самае.

Густаў расказаў, што хоча жаніцца. Нявеста ўжо чакае дзіця, і тут нічога не зробіш. Мы праехалі па Мёнкештрасэ, потым — па папярэчных вуліцах.

— Вунь яна! — раптам крыкнуў Густаў.

Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставіў ключ і ўключыў запальванне.

— Усё ў парадку, Густаў, — сказаў я. — Вялікі дзякуй, што падвёз мяне.

— Ці не выпіць нам па чарцы? — спытаў ён.

— Не. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.