Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 198

Эрих Мария Ремарк

— Пайшлі, — сказаў ён.

— Шкада, — сказала дзяўчына за суседнім столікам і ўсміхнулася. — Такія сур'ёзныя кавалеры.

На вуліцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кавярні ён здаўся ледзяным.

— Ідзі дадому, — сказаў Кёстэр.

— Ён быў не адзін, — адказаў я і сеў у машыну.

Машына панеслася. Мы прачасалі ўсе вуліцы вакол кавярні, усё шырэй і шырэй, але нікога не ўбачылі. Нарэшце Кёстэр спыніўся.

— Выслізнуў, — сказаў ён. — Але нічога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.

— Ота, — сказаў я, — давай пакінем яго.

Ён зірнуў на мяне.

— Готфрыд мёртвы, — працягваў я на здзіўленне самому сабе. — Ад гэтага ён не ўваскрэсне.

Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.

— Робі, — павольна адказаў ён, — я ўжо не памятаю, колькі я забіў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забіў маладога ангельца. У яго заела патрон, і ён нічога не мог зрабіць. Я быў са сваім кулямётам за некалькі метраў ад яго і бачыў яго спуджаны дзіцячы твар зусім блізка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведаліся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год — і ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзіцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу… Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабіў мне нічога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне гэтым заклятым апраўданнем: вайна ёсць вайна. Але я кажу табе: калі я не заб'ю таго, хто забіў Готфрыда, хто застрэліў яго, як сабаку, без усялякай прычыны, тады эпізод з ангельцам — жахлівае злачынства, ты разумееш?

— Разумею, — сказаў я.

— А цяпер ідзі дадому. Я хачу давесці справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсці, не разбурыўшы яе.

— Я не пайду дадому, Ота. Калі так, то мы застанемся разам.

— Глупства, — нецярпліва сказаў ён. — Ты мне непатрэбны.

Ён падняў руку, не даючы мне гаварыць.

— Я буду вельмі асцярожны. Я яго сустрэну аднаго, без астатніх, зусім аднаго! Не бойся.

Ён хутка саштурхнуў мяне з сядзення і пакаціў. Я ведаў, што яго цяпер не стрымаць. Я ведаў таксама, чаму ён не ўзяў мяне. Праз Пат. Готфрыда ён узяў бы.

Я пайшоў да Альфонса. Толькі з ім я мог пагаварыць. Я хацеў параіцца з ім, ці нельга штосьці зрабіць. Але Альфонса не было. Заспаная дзяўчына сказала мне, што ён гадзіну таму пайшоў на сход. Я вырашыў пачакаць і сеў за столік.

Кавярня была пустая. Над стойкай гарэла маленькая лямпачка. Дзяўчына села і зноў заснула. Я думаў пра Альфонса і пра Готфрыда, я пазіраў праз акно на вуліцу, якую зараз асвятляла поўня, што паволі плыла над дахамі, я думаў пра магілу за чорным драўляным крыжам са сталёвай каскай, надзетай на яго, і раптам я заўважыў, што плачу. Я выцер слёзы.

Праз нейкі час я пачуў нечыя хуткія, ціхія крокі. Дзверы адчыніліся, увайшоў Альфонс. На яго твары блішчаў пот.

— Гэта я, Альфонс, — сказаў я.

— Хутка сюды!

Я пайшоў за ім у пакой справа за стойкай. Альфонс падышоў да шафы і дастаў два старыя салдацкія перавязачныя пакункі.

— Перавяжы мяне, — сказаў ён і спусціў штаны.

У яго на сцягне была рана.

— Як кулявое раненне, — сказаў я.