Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 165
Эрих Мария Ремарк
Ён падышоў да пісьмовага стала і спыніўся. Ён здаваўся маленькім, ён пазіраў дзіўным позіркам, быццам ён згубіўся сярод буйной паліраванай мэблі.
— Мне ўжо скора будзе шэсцьдзесят, — сказаў ён, не гледзячы на мяне. — Але я так не змог бы. Я ўвесь час шукаў бы паратунку, увесь час, любой цаной, нават каб ведаў, што ўсё дарма.
Я маўчаў. Жафэ стаяў з такім тварам, быццам ён забыў пра ўсё на свеце. Потым ён зварухнуўся, і яго твар перамяніўся. Ён заўсміхаўся.
— Я ўпэўнены, што яна выдатна перазімуе там.
— Толькі перазімуе? — спытаў я.
— Спадзяюся, што вясной зможа вярнуцца.
— Спадзявацца… — сказаў я. — Што гэта значыць — спадзявацца?
— Усё, — адказаў Жафэ. — Толькі спадзявацца. Цяпер я вам больш нічога сказаць не магу. Усё астатняе — магчыма. Трэба паглядзець, як пойдуць справы ў санаторыі. Але ў мяне цвёрдая надзея, што вясной яна вернецца.
— Напэўна?
— Напэўна.
Ён абышоў вакол стала і так моцна штурхнуў нагой высунутую шуфляду, што аж посуд зазвінеў.
— Д'ябал забяры! Зразумейце ж вы, дзівак, што і мне вельмі важна, каб яна вярнулася.
Увайшла сястра. Жафэ жэстам адаслаў яе. І ўсё-такі яна спынілася — прысадзістая, няўклюдная, з тварам бульдога і сівымі валасамі.
— Потым! — буркнуў Жафэ. — Прыйдзіце потым!
Сястра злосна павярнулася. Выходзячы, яна выключыла святло. У памяшканні ўжо быў шэра-малочны дзень. Твар Жафэ раптам аказаўся вельмі бледны.
— Старая вядзьмарка! — сказаў ён. — Ужо дваццаць гадоў я збіраюся прагнаць яе. Занадта старанная. — Потым ён павярнуўся да мяне: — Ну як?
— Мы выязджаем сёння, — сказаў я.
— Сёння?
— Сёння. Калі ўжо так трэба, то лепш сёння, чым заўтра. Я завязу яе. На некалькі дзён змагу адлучыцца.
Ён кіўнуў галавой і падаў мне руку.
Я пайшоў. Шлях да дзвярэй здаўся мне вельмі доўгім.
На вуліцы я спыніўся. Я заўважыў, што пісьмы ўсё яшчэ трымаю ў руцэ. Дождж забарабаніў па паперы. Я выцер пісьмы і паклаў у нагрудную кішэнь. Потым азірнуўся. Перад домам якраз спыніўся аўтобус. Ён быў поўны, з яго вывалілася куча людзей. Некалькі дзяўчат у чорных бліскучых плашчах з вясёлым смехам размаўлялі з кандуктарам. Ён быў малады, белыя зубы асвятлялі яго смуглявы твар. «Гэта ж ненармальна, — думаў я. — Гэтага не можа быць! Столькі жыцця, а Пат павінна памерці!»
Кандуктар даў званок, і аўтобус паехаў. З-пад яго колаў пырснула вада на тратуар. Я пайшоў, каб расказаць пра ўсё Кёстэру і купіць білеты.
Аполудні я прыйшоў дадому. Усе справы былі вырашаны. Я нават даў тэлеграму ў санаторый.
— Пат, — сказаў я адразу ад парога, — ты можаш да вечара ўпакаваць усё?
— Трэба ехаць?
— Трэба, — сказаў я. — Трэба, Пат.
— Адной?
— Не. Мы паедзем разам. Я завязу цябе.
Твар яе пасвятлеў.
— Колькі ў мяне часу на зборы? — спытала яна..
— Цягнік адпраўляецца ў дзесяць вечара.
— А ты яшчэ пойдзеш з дому?
— Не. Я тут буду да ад'езду.
Яна глыбока ўздыхнула.
— Тады ўсё вельмі проста, Робі, — сказала яна. — Пачнём?
— Час яшчэ ёсць.
— Я хачу пачаць зараз жа. Каб раней закончыць.
— Добра.
Я хутка ўпакаваў у чамаданы некалькі рэчаў, якія трэба было ўзяць з сабой, і праз паўгадзіны справіўся. Потым я пайшоў да фраў Залеўскі і сказаў ёй, што мы ўвечары едзем. Я з ёй дамаўляўся, што з першага лістапада ці нават раней яна зможа здаваць пакой. Яна хацела ўцягнуць мяне ў працяглую размову, але я хутка пайшоў.