Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 164

Эрих Мария Ремарк

— Вядома, — сказаў я. — Гэта адно з адным звязана.

XXІ

У сярэдзіне кастрычніка Жафэ запрасіў мяне да сябе. Было дзесяць гадзін раніцы, але надвор'е было такое хмурнае, што ў клініцы яшчэ гарэла святло. Змешваючыся з туманным змрокам з вуліцы, яно ўтварала невыразнае, хваравітае свячэнне.

Жафэ сядзеў адзін у вялікім кабінеце для прыёму пацыентаў. Калі я ўвайшоў, ён падняў лысую бліскучую галаву. Ён нявесела паказаў на вялікае акно, у якое барабаніў дождж.

— Як вам падабаецца гэтае сабачае надвор'е?

Я паціснуў плячыма.

— Будзем спадзявацца, што скора пераменіцца.

— Не пераменіцца.

Ён зірнуў на мяне і замоўк. Потым ён узяў са стала аловак, паўзіраўся на яго, пастукаў ім па стале і зноў адклаў убок.

— Я здагадваюся, чаго вы мяне паклікалі, — сказаў я.

Жафэ штосьці прабурчаў.

Я хвілінку пачакаў. Потым сказаў:

— Мусіць, Пат трэба скора ехаць…

— Трэба…

Жафэ са злосцю глядзеў у адну кропку.

— Я планаваў на канец кастрычніка. Але пры такім надвор'і… — Ён узяў серабрысты аловак.

Вецер з шумам кінуў у шыбіну прыгаршчы дажджу. Гук быў як ад дальняй кулямётнай чаргі.

— Калі, на вашу думку, ёй трэба ехаць? — спытаў я.

Ён раптам адкрыта глянуў на мяне.

— Заўтра, — сказаў ён.

На секунду я страціў грунт пад нагамі. Паветра зрабілася ватным і засела ў лёгкіх. Потым спазмы прайшлі, і я спытаў па магчымасці спакойна, але голас мой прагучаў, быццам ён належаў іншаму:

— Няўжо адразу так пагоршала?

Жафэ моцна затрос галавой і ўстаў.

— Калі б так хутка пагоршала, яна не паехала б зусім, — растлумачыў ён незадаволена. — Але так будзе лепш. Пры гэткім надвор'і кожны дзень небяспечны. Прастуда ці яшчэ што…

Ён узяў са стала некалькі пісьмаў.

— Я ўжо ўсё падрыхтаваў. Вам застаецца толькі завезці яе. З галоўным лекарам санаторыя я знаёмы яшчэ са студэнцкіх часоў. Ён вельмі сумленны. Я яго інфармаваў пра ўсё.

Ён даў мне пісьмы. Я ўзяў іх, але не хаваў. Ён паглядзеў на мяне, потым падышоў і паклаў мне руку на плячо. Рука была лёгкая, як птушынае крыло, яе дотыку я нават не адчуў.

— Цяжка, — сказаў ён ціха, іншым тонам, — я ведаю. Таму я і чакаў, пакуль было можна.

— Не цяжка, — адказаў я.

Ён махнуў рукой.

— Не трэба…

— Не, — сказаў я. — Я не тое меў на ўвазе. Я хачу ведаць толькі адно: яна вернецца?

Жафэ хвілінку памаўчаў.

Яго цёмныя вузкія вочы паблісквалі ў змрочным жаўтлявым святле.

— Чаму вы хочаце ведаць гэта зараз? — спытаў ён праз хвіліну.

— Таму што тады ёй не варта і ехаць, — сказаў я.

Ён хутка зірнуў на мяне.

— Што вы гаворыце?

— Тады ёй лепш заставацца тут.

Ён утаропіўся на мяне.

— Вам вядома, што гэта несумненна азначала б? — спытаў ён ціха і рэзка.

— Вядома, — сказаў я. — Гэта азначала б, што яна памрэ не ў адзіноце. А што гэта такое, мне вядома таксама.

Жафэ падняў плечы, быццам яму зрабілася холадна. Потым ён няспешна падышоў да акна і паглядзеў на дождж. Калі ён вярнуўся, яго твар ператварыўся ў маску. Ён падышоў блізка да мяне і спыніўся.

— Колькі вам год? — спытаў ён.

— Трыццаць, — адказаў я.

Я не зразумеў, чаго ён хоча.

— Трыццаць, — паўтарыў ён дзіўным голасам, быццам гаворачы з самім сабой. Мяне ён як і не пачуў. — Божа мой, трыццаць!