Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 167
Эрих Мария Ремарк
— Здароў, — моўчкі сказаў я. Потым вярнуўся да Пат.
— Пайшлі, сябрук? — спытаў я.
— Пайшлі, — сказала яна. — Але я хачу яшчэ раз зазірнуць у твой пакой.
— Навошта? — здзівіўся я. — Старая буда…
— Пачакай, — сказала яна. — Я зараз вярнуся.
Я крыху пачакаў, а потым пайшоў за ёй. Яна стаяла пасярэдзіне пакоя і, убачыўшы мяне, уздрыгнула. Я ніколі не бачыў яе такой. Яна была зусім пагаслая. Але гэта цягнулася толькі секунду, потым яна зноў заўсміхалася.
— Пайшлі, — сказала. — Цяпер можна адпраўляцца.
Каля кухні нас чакала фраў Залеўскі. Яе сівыя локаны калыхаліся. На чорнай шаўковай сукенцы свяцілася брошка з картачкай нябожчыка Залеўскага.
— Сцеражыся! — шапнуў я Пат. — Яна будзе цябе абдымаць.
У наступны момант Пат ужо знікла, патануўшы ў агромністым бюсце. Над ёй сутаргава крывіўся вялізны твар. Яшчэ некалькі секунд, і Пат бясследна прапала б. Калі матухна Залеўскі плакала, у вачах яе быў ціск, як у сіфонах.
— Прабачце, — сказаў я. — Мы спяшаемся. Нам пара!
— Пара? — Фраў Залеўскі змерыла мяне знішчальным позіркам. — Цягнік адпраўляецца праз дзве гадзіны! За гэты час вы, відаць, хочаце напаіць беднае дзіця?
Пат не стрымалася ад смеху.
— Не, фраў Залеўскі. Нам жа трэба развітацца з сябрамі.
Матухна Залеўскі з недаверам пахітала галавой.
— Вы паглядаеце на гэтага маладога чалавека як у залаты гаршчок, фройляйн Хольман. А ён не больш чым пазалочаная бутэлька.
— Выдатны вобраз, — сказаў я.
— Дзіця маё! — фраў Залеўскі зноў захвалявалася. — Вяртайцеся хутчэй! Пакой чакае вас заўжды! Калі б там аказаўся нават кайзер, я выселіла б яго дзеля вас!
— Сардэчна дзякую, фраў Залеўскі, — сказала Пат. — Вялікі дзякуй за ўсё. І за варажбу. Я ўсё буду помніць.
— Добра. Адпачывайце і папраўляйцеся на здароўе.
— Вядома, — адказала Пат. — Паспрабую. Да пабачэння, фраў Залеўскі. Да пабачэння, Фрыда.
Мы пайшлі. Дзверы калідора стукнулі за намі. На лесвічнай пляцоўцы панаваў паўзмрок — некалькі лямпачак перагарэла. Пат моўчкі, ціха і мякка ступаючы, спускалася па лесвіцы. У мяне было такое адчуванне, быццам скончыўся водпуск і мы цяпер шэрым ранкам ідзём на вакзал, каб адправіцца на фронт.
Ленц адчыніў дзверцы таксі.
— Асцярожна! — сказаў ён.
Машына ўся была запоўнена ружамі. Два вялізныя букеты белых і чырвоных бутонаў ляжалі на задніх сядзеннях. Я адразу пазнаў, адкуль яны — з царкоўнага кветніка.
— Апошнія! — заявіў Готфрыд самазадаволена. — Запатрабавалі пэўных намаганняў. Давялося правесці даволі працяглую дыскусію пра іх са святаром.
— У яго светлыя дзіцячыя вочкі? — спытаў я.
— Ага, значыць, гэта быў ты, брат! — адказаў Готфрыд. — Значыць, ён расказваў мне пра цябе. Бедалага быў вельмі расчараваны, калі зразумеў, што ў цябе за малітвы. А яму ўжо здалося, што набожнасць мужчынскай часткі насельніцтва зноў пайшла ўгору.
— Няўжо ён цябе так і выпусціў з кветкамі? — спытаў я.
— Мы з ім паразмаўлялі. А потым ён дапамог мне нарэзаць ружаў.
Пат засмяялася.
— Няўжо праўда?
Готфрыд усміхнуўся.
— Вядома. Карціна была казачная: духоўны айцец скача ў паўзмроку, каб дастаць самыя высокія галінкі. Яго апанаваў спартовы азарт. Расказваў мне, што раней, у гімназіі, быў добрым футбалістам. Здаецца, правым нападаючым.