Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 166

Эрих Мария Ремарк

Пат стаяла, укленчыўшы над чамаданам, усюды звісалі яе сукенкі, на ложку ляжала бялізна. Цяпер яна пакавала абутак. Мне ўспомнілася, што калі яна пераехала сюды і распакоўвалася, то гэтаксама стаяла на каленях, і мне здалося, што гэта было бясконца даўно і быццам учора. Яна ўскінула на мяне позірк.

— Ты бярэш серабрыстую сукенку? — спытаў я.

Яна кіўнула галавой.

— А што мы зробім з астатнімі рэчамі, Робі? З мэбляй?

— Я ўжо перагаварыў з фраў Залеўскі. Усё, што можна, я перанясу ў свой пакой. Што застанецца, мы перададзім на захаванне. Забяром, калі ты вернешся.

— Калі я вярнуся, — сказала яна.

— Так, — пацвердзіў я. — Калі ты вернешся вясной, уся загарэлая.

Я дапамог ёй пакаваць рэчы, і пад вечар, калі ўжо пачало цямнець, мы былі гатовы. Дзіўна: усе прадметы стаялі на тых самых месцах, толькі шафы апусцелі, і ўсё роўна пакой здаўся мне пустым і сумным. Пат села на свой ложак. Выгляд у яе быў змораны.

— Уключыць святло? — спытаў я.

Яна адмоўна пахітала галавой.

— Пакуль што не трэба.

Я прысеў каля яе.

— Хочаш цыгарэту?

— Не, Робі. Толькі крыху пасядзець.

Я ўстаў і пайшоў да акна. Прыцемненыя дажджом, ліхтары трывожна мігцелі. У дрэвах корпаўся вецер. Унізе няспешна прайшла Роза. Яе высокія боты блішчалі. Пад пахай яна несла скрутак. Яна ішла ў бок «Інтэрнацыяналя». Магчыма, яна несла з сабой вязанне, каб звязаць дачцэ нешта цёплае: Следам за ёй ішлі Фрыцы і Марыон. Абедзве былі апрануты ў новыя белыя прыталеныя плашчы, а праз нейкую хвіліну за імі, нібы крадком, адзінокая і змораная, пратэпала Мімі.

Я адвярнуўся. Сцямнела так, што я не бачыў Пат. Я толькі чуў яе дыханне. За дрэвамі могілак няспешна і цьмяна паўзлі ўверх агні рэклам. Чырвоны радок рэкламы цыгарэт цягнуўся над дамамі, нібы стракатая ордэнская стужка, заіскрыліся сінія і смарагдава-зялёныя кругі вінаробчых фірмаў, загарэліся светлыя контуры рэкламы швейных вырабаў. Іх бляклае размытае святло пранікала праз вокны на сцены і столь, яно мігатліва перамяшчалася, і пакой раптам здаўся мне закінутым вадалазным каўпаком на дне мора, вакол якога шумяць дажджавыя хвалі, а зверху, праз тоўшчу вады прабіваецца слабы водбліск стракатага свету.

Было восем гадзін вечара. З вуліцы пачуўся гук клаксона.

— Гэта Готфрыд на таксі, — сказаў я. — Ён павязе нас павячэраць.

Я ўстаў, падышоў да акна і крыкнуў, што мы ідзём. Потым я ўключыў настольную лямпу і накіраваўся ў свой пакой. Ён мне здаўся непазнавальна чужым. Я дастаў бутэльку рому і хуценька выпіў чарку. Потым я сеў у крэсла і ўтаропіўся на шпалеры. Праз хвіліну я зноў устаў і пайшоў да ўмывальніка прычасацца. Але ўбачыўшы свой твар у люстэрку, я забыўся пра свой намер. Я разглядаў сябе з халоднай цікаўнасцю. Я скрывіў вусны і ўсміхнуўся сам сабе. У адказ я ўбачыў нацягнутую бледную ўсмешку.