Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 162
Эрих Мария Ремарк
— Нам трэба хоць паспрабаваць…
— Лепей — не трэба… спачатку выклікаць паліцыю…
У той самы момант нехта пазваніў. З'явіўся лекар, які жыў побач. Ён кінуў толькі адзін позірк на хударлявае цела.
— Ужо нічога не зробіш, — сказаў ён. — Тым не менш паспрабуем зрабіць штучнае дыханне. Патэлефануйце зараз жа ў паліцыю, а мне дайце нож.
Хасэ павесіўся на тоўстым ружовым шоўкавым шнуры. Гэта быў паясок ад жончынага халата. Ён яго вельмі лоўка прымацаваў да кручка над акном. Шнур быў намылены. Ён, відаць, залез на падаконнік і потым саслізгнуў з яго. Рукі былі сутаргава скручаны, на твар было жахліва глядзець. Дзіўна, але мне кінулася ў вочы, што ён пераапрануў касцюм. Гэта быў яго самы лепшы шарсцяны касцюм. Ён пагаліўся і апрануў чыстую бялізну. На стале былі педантычна раскладзены пашпарт, ашчадная кніжка, чатыры паперкі па дзесяць марак, некалькі манет і два пісьмы — адно жонцы і адно — у паліцыю. Каля пісьма жонцы ляжаў сярэбраны партсігар і шлюбны пярсцёнак.
Відаць, ён перад смерцю доўга думаў і ўсё прывёў у парадак. У пакоі ён старанна прыбраў, і калі мы добра агледзеліся, то знайшлі на камодзе яшчэ крыху грошай і запіску, у якой было напісана: «Канчатковы разлік за кватэру за гэты месяц». Ён паклаў грошы асобна, быццам хацеў паказаць, што яны да смерці не маюць ніякага дачынення.
У дзверы пазванілі, прыйшлі два ў цывільным. Лекар, які ўжо зняў нябожчыка з пятлі, устаў.
— Мёртвы, — сказаў ён. — Самагубства, без усякага сумнення.
Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.
— Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.
— Можна яго забраць адсюль? — спытаў лекар.
— Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ, — адказаў малады чыноўнік. — Скора павінны прыйсці.
Чакаючы, усе маўчалі. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком, спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.
— Дванаццаты за гэты тыдзень, — сказаў малады чыноўнік.
— Па той самай прычыне? — спытаў я.
— Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем'і заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.
— Што вам тут трэба? — груба спытаў старэйшы чыноўнік.
Яна адхіснулася.
— Я павінна даць паказанні, — прамармытала яна.
— Вон! — сказаў чыноўнік.
Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.
— Ён пакінуў грошы на пахаванне, — сказаў малады. — Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?