Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 160

Эрих Мария Ремарк

«Праўда, — падумаў я, — божа мой, праўда, і ты паправішся!»

— Куды паедзем? — спытаў я. — У Эгіпет? Ці далей? У Індыю ці Кітай?

— На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы і скалы, і белыя домікі над морам, і агавы. Але магчыма, там таксама ідзе дождж. Магчыма, дождж ідзе ўсюды.

— Тады мы паедзем яшчэ далей, — сказаў я. — Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропікі, у паўднёвыя моры.

Мы апынуліся перад яркімі вітрынамі бюро вандраванняў «Гамбург — Амерыка». За шыбамі быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сініх кардонных хвалях, а за ім магутна ўздымалася павялічаная фатаграфія небаскробаў Манхэтэна. У вітрынах віселі вялізныя стракатыя геаграфічныя карты з чырвонымі лініямі маршрутаў.

— Заедзем у Амерыку таксама, — сказала Пат. — У Кентукі і Тэхас, і ў Нью-Ёрк, і ў Сан-Францыска, і на Гаваі. А потым праз Паўднёвую Амерыку — і далей. Праз Мехіка і Панамскі канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад — праз Рыа-дэ-Жанейра.

— Так…

Яна зірнула на мяне. Вочы яе палалі.

— Я там яшчэ не быў, — сказаў я. — Я наманіў табе тады…

— Я ведаю, — адказала яна.

— Ты ведаеш?

— Дзівак, Робі. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.

— Тады я быў добры вар'ят. Няўпэўнены дурны вар'ят. Вось чаму я нахлусіў.

— А сёння?

— А сёння яшчэ большы, — сказаў я. — Ты ж бачыш. — Я паказаў на параход у вітрыне. — Д'ябал! І не паедзеш!

Яна ўсміхнулася і ўзяла мяне пад руку.

— Ах, мілы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелі б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькі багатых людзей, якія са сваіх кантор і банкаў свету божага не бачаць.

— Вось таму яны і багатыя, — сказаў я. — Калі б мы былі багатыя, то, пэўна, ненадоўга.

— Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцілі б.

— Магчыма, ад страху страціць мы засталіся з нічым. Сёння багацце — прафесія. І зусім не такая простая.

— Бедныя багацеі! — сказала Пат. — Мусіць, нам лепш уявіць сабе, што мы ўжо былі багатыя і ўжо ўсё патрацілі. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў і быў вымушаны ўсё прадаць — наш дом і мае ўпрыгожанні і свае машыны. Як ты думаеш?

— Што ж, гэта адпавядае часу, — адказаў я.

Яна засмяялася.

— Тады хадзем! Мы — два банкруты — зараз пойдзем у свой маленькі пакой і будзем прыпамінаць падзеі з мінулых шчаслівых часоў.

— Добрая ідэя.

Мы паціху пайшлі па вечаровых вуліцах. Запальваліся ўсё новыя агні, і, калі мы ішлі міма могілак, мы ўбачылі ў зялёным небе самалёт, кабіны якога былі ярка асветлены. Адзінокі, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокім адзінокім небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкі. Мы спыніліся і паглядзелі яму ўслед, пакуль ён не знік.

Не прайшло і паўгадзіны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьці пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, і падышоў адчыніць. Але гэта была фраў Залеўскі. Выгляд у яе быў расстроены.

— Ідзіце хуценька сюды, — прашаптала яна.

— Што здарылася?

— Хасэ.

Я глянуў на яе. Яна паціснула плячыма.

— Ён замкнуўся і не адказвае.